Хаця гэта падзеі з апошніх амаль дзён, падзеі з канца вайны і рэвалюцыі, аднак тады людзі гэтак хутка жылі й працавалі, што неяк неспадзеўкі дзеля самых сябе, быццам нечакана, згледзілі, што нешта перамянілася ў іх і адышлі ад беларускага загону.
Крыўду мы зрабілі-б тым адышоўшым, шукаючы аднаго толькі выключна матыву ў іх, а мяноўна карыснасьці вузка матарыяльнае, імкненьня за гонарам ці славаю. Ня трэ’ нам забывацца, што ўздойм рэвалюцыі выкінуў на верх новыя каноны, накінуў людзям іх міжвольна, што выйсьці з кругу катэгорыяў новага думаньня яны не маглі
Хто пачынаў Адраджэньне Беларусі? Ці можна казаць, што гэта былі выключна прадстаўнікі сялянства й работніцтва? Ці ў фундаманты вызвольнага руху былі пакладзены думкі клясавасьці й выключнасьці клясавае?
Калі сілаю фактаў паміж першымі рабачаямі на ніве беларускай бачым сыноў вёскі, то ўсё-ж такі ня трэ’ забывацца, што нямала паміж імі было й тых сыноў народу, што радзіліся, калі й не у палацах, дык прынамся ў том асяродзішчы, якое даўно парвала лучнасьць з гушчаром народу й адыйшло ад яго далёка.
Ці яны не маглі вярнуцца на ўлоньне народу? Ці мог ім гэтага нехта забараніць?
Яны прышлі, пачалі працаваць і гэтым пацьвярдзілі вялікую праўду, што кожны народ — гэта сялянства, работніцтва й яшчэ „нешта“. Генае „нешта“ неканечна мае быць клясаю. Хачу тут падчыркнуць, што народ і кляса з сацыяльнага боку гледжаньня гэта паймы, якія стыкаюцца з сабою ды ніколі не супадаюць. Народ — гэта сынтэза ўсяго, бяручы гістарычна, ды нат у кожным актуальным разрэзе свайго жыцьця.
І вось вайна з рэвалюцыйным віхром скалыхнулі ў нас гладзь жыцьця і побач розных іншых сьледамкаў, вельмі добрых і вельмі благіх, накінулі нацыянальнаму жыцьцю аспэкт клясавасьці. Яно праўда, што Беларусь „мужыцкая“, што стаіць на селаніне, гэта ўжо факт гістарычны. Аднак гэта яшчэ не азначае, што сялянства — гэта Беларусь.
Падзеі нашыя пайшлі сваімі каляінамі, мінула рэвалюцыя, аджыў кліч „роўныя з роўнымі“. Ці было гэта шчыра, ці толькі гест, выкліканы іншымі плянамі, ня будзем уваходзіць. Адно толькі можна адцеміць, што яны ўжо былі „вольныя“, а мы асталіся паднявольнымі й хутка мы ня чулі ўжо аб „роўнасьці“.
Чарговыя дні, настроі маладога польскага вялікадзяржаўніцтва заганялі штораз больш на накінуты беларускаму Адраджэньню шлях выключнасьці народу-клясы. Толькі таўро (кляймо) паходжаньня з пад сялянскае страхі давала быццам права прызнавацца да беларускасьці.
І мы прывыклі да новага ладу. Часта на’т не ўяўляем сабе іншых магчымасьцяў, зусім быццам забываемся, што народ гэта ня толькі мы, а народ — гэта ўсенькае тое, што было, што народ ня толькі тое, што ёсьць, а й тое, што будзе!.. Але — скажа