Багаты Дональ і бедны Джэк.
Жылі-былі два браты. Аднаго звалі Дональ, а другога Джэк. Дональ служыў у парабкох у багатага гаспадара, а калі гаспадар памёр, Дональ жаніўся на яго дочцы.
Джэк жыў у суседзях з братам, меў ён жонку і горбу дзяцей, а ў хаце было пуста і бедна. Дональ быў вялікі скнэра і ніколі не дапамагаў брату. Калі Джэку было вельмі цяжка, ён дазваляў сабе ўкрасьці бычка з вялікага Доналявага стада і ня лічыў гэта за вялікі грэх.
Урэшце, Дональ стаў дагадавацца, хто крадзе ў яго цялят, дый ня ведаў, як у гэтым упэўніцца.
Старая цешча Доналя надумала, як злапаць Джэка. Яна загадала Доналю, каб яе паклалі ў вялікі куфар з пракручанымі ў ім дзірачкамі, і даць гэтулькі мяса і гарэлкі, каб ёй хапіла на дзевяць дзён. Пасьля таго загадала занясьці куфар да Джэка і пакінуць яго там, ня кажучы ні аб чым.
Дональ пайшоў да Джэка і папрасіў дазваленьня паставіць на тыдзень у яго кухні куфар з рэчамі. Джэк сказаў, што з прыемнасьцю паставіць у сябе хоць дзесяць куфраў, калі гэта патрэбна Доналю.
Дональ прыцягнуў куфар з цешчай і ядой і паставіў на відным мейсцы ў кухні.
У той самы вечар, як паставілі куфар у Джэкавай кухні, Джэк ізноў сьцягнуў адно цялё, зарэзаў яго і прынёс дамоў. Старая ўсё гэта бачыла праз дзірачкі ў куфры.