— Ён жыве на другім канцы сьвету.
— Як туды трапіць?
— Ты адважны ваяк, — сказаў Фіч-Ан-Крук, — і табе я жадаю поўнай удачы. — Пры гэтым ён тройчы ўдарыў у шчыт сваім кап’ём і на гэты звон прыбег вялікі сабака.
— Ідзі за гэтым сабакам, — дадаў Фіч-Ан-Крук, — і ён прывядзе цябе да Фіч-Ан-Чоля.
Сіад пайшоў за сабакам. Ішоў ён па горах і лясох, па далінах і балотах, па зялёных сенажацях, пакуль ня прыйшоў у той край, дзе жыў Фіч-Ан-Чоль.
Каля аднае хаткі ён убачыў самога ведзьмара. Ён стаяў, прытуліўшыся да дзьвярэй сваей хаткі, і так рагатаў, што ад гэтага рогату валіліся старыя дубы.
— З чаго ты сьмяешся? — запытаўся Сіад, падыйшоўшы да Фіч-Ан-Чоля.
— Я рагачу ад радасьці, што заб’ю цябе.
— Ну пагледзім яшчэ, як ты засьмяешся пасьля, — сказаў Сіад, ухапіўшыся за кап’ё. І пачаўся бой. Птушкі і зьверы зьляцеліся з усіх канцоў сьвету, каб паглядзець на пабоішча. А скончылася яно тым, што Сіад падкумячыў пад сябе Фіча.
— Ты адважны ваяк, — сказаў Фіч. — Кажы, чым я магу табе прыслужыцца.
— Аддай мне бутэлечку з жывой вадой і сусьветныя скарбы.
— На жаль, я не магу гэтага выпаўніць. Жывая вада і скарбы прабылі ў мяне ўсяго адну ноч, а потым цар пэрсідзкі адабраў іх ад мяне. Вярніся ўжо лепш дамоў, бо ў цара пэрсідзкага цяжка што-небудзь вырваць.
— Чаму ты так думаеш? — запытаўся Сіад.
— Таму што цар пэрсідзкі, забраўшы скарбы, у той-жа час паклікаў да сябе сямёра чарадзеяў Усходу і загадаў зачараваць сябе так, каб ніхто ня мог абдужаць яго.
— Няхай сабе і так, — адказаў Сіад, — Але я ўжо цяпер не вярнуся дамоў, а пайду, куды павядзе мяне мой лёс.