Старонка:«Ня ўсе-ж разам, ягомосьці!..» (1914).pdf/32

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

супакоіўся на крыжы, што, як сівы дзед, маркотна схіліўся на дарогу, стоючы каля маленькае трухлявае капліцы. Сеў — ды засмуціўся. Чаго? Якая журба агарнула душу яго, які смутак сціснуў сэрцэ яго? Хто гэта скажэ?! Хто можэ ведаць, што дзеецца, на патаёмных закуцьцях чужой душы, хто калі бачыў сакрамэнты чужога сэрца? Мо горкі жаль адзіноцтва апанаваў яго, а мо — сьпевы чужаніцы пабудзілі змоўкшые песьні далёкай бацькаўшчыны і ўскалыхнулі пачуцьцё роднай краіны? Бо нельга забыцца аб тым, што крывавым атрамэнтам упісана ў сэрцэ; немагчымасць нікому й ніколі страціць тые пачуцьця, што агарнулі душу пры яе нараджэньні. Ніхто ніколі, ад скананьня, не забудзе тых журботна-вясёлых песень, якіе сьпевала матка, схіліўшы галоўку над калыскаю свайго дзіцяці! Ёсць можнасць занедбаць, занехаяць; можна прыспаць ўсё гэта, заглушыць, як брыдкае зельля глушэ ніўку у недбалага, але надыйдзе час, страсянецца душа і яно ачнецца, загарыць, запалае, як на ветры ад іскры с попялу патухлае вогнішчэ!..

Зажурбёны, змаркочэны, апанаваны роем нахлынуўшых думак, сядзеў папугай і не ў галаве яму, што сваей яркай адзежкай, сваім незвычайным аблічэм звярнуў на сябе увагу тутэйшаго птаства. Не рад ён быў, што маці