кія раней суседзі, у хаце азіраюцца баязьліва і з-пад палы перадаюць штось Арыне.
— Ты, Арынка, перадай яму, скажы — гасьцінец ад Хведара. Мала, але што ёсьць…
— Перадам. Ён-жа такі добры, ніколі не паскардзіцца, усё бярэ.
Добры, затое й даём…
Хутка скончыў каморнік працу, начарціў плян-проект, а сход адмовіўся яго зацьвердзіць. Другі проект зрабіў — зноў ня вышла. Зрабіў у трэці раз і трэці раз сход сабраў і на сходзе крычаў:
— Не зацьвердзіце проекту, зноў са сваім зямляўпарадкаваньнем застанецеся. Вы хацелі на хутары і на пасёлкі. Улада прыслала мяне, я зрабіў тое, што мне даручылі, чаго вы хацелі, а вы не зацьвярджаеце? Не прызнаеце ўлады?
Рубанаўцы чухалі патыліцы.
— Прычым тут улада? Улада прыслала, каб ты рабіў сумленна, а не абыяк, — казаў Лявон.
— Як-жа вам трэба рабіць, чаму не паказалі? Можа больш за мяне ў гэтым ведаеце?
— Ды ім ніколі ніякі чорт ня ўгодзіць, — крычаў з-за стала Міхаль.
— Я апошні раз папераджаю вас: калі не зацьвердзіце гэтага проекту, — ня бачыць вам ні пасёлкаў, ні хутароў, як сваіх вушэй, бо ня мае ўлада столькі людзей, каб па некалькі разоў кожную вёску перамерваць.
— А няхай ён згарыць з сваім зямляўпарадкаваньнем і са сваімі проектамі. Хай едзе, лепш-бы не прыяжджаў.