Ігнату, няма чым утрымаць мужыкоў у веры, давесьці ім, што ёсьць бог. Як-бы добра было, каб бог з неба наказаў чым-небудзь, што ён ёсьць, каб ён пакараў гэтых бязбожнікаў. А мо‘ ён ня мае сілы зрабіць гэтага? А мо‘ яго й…“ давесьці да канца гэтай грэшнай думкі, якая сьвярліла мозг, ён ня мог, хутчэй хрысьціўся і бяжком сьпяшаўся ў пакоі. А з пакою было відно сьвятло з акна школы, там Турбоўская газэты чытае вечарамі рубанаўцам, сее антыхрыстава насеньне. Гэта сьвятло, — а яно бывала там, калі хто-небудзь з вёскі ёсьць, — рэзала вочы папу, і ён пачынаў маліцца, а потым хаваўся пад коўдру, каб ня бачыць гэтага сьвятла, каб забыцца аб грэшных думках.
Шмат вады ўцякло, як кажуць. У Рубанаўцы калісь хутары зрабілі, потым вайна, рэволюцыя, хутары самі рубанаўцы адмянілі, а цяпер вось вайна скончылася, рубанаўцы больш сталі назіраць за зямлёю і зноў сталі адчуваць, як і калісь, што ў іх цесна, гразка, што трэба нешта новае зрабіць.
Пастарэў будынак школы. Ганак на бок пахіліўся, паглядвае на рубанаўскую вуліцу. Лямпа ў акне, чамусь падмігвае, заве сюды.
У будынку два пакоі. У вадным лаўкі з дошак, зробленыя самімі рубанаўцамі, у другім два вялікія сталы, а на сталох газэты. Іх настаўніца тут трымае: чытальню зрабіла.
Ля стала цяпер сядзела толькі Турбоўская ды Лявон.