Перайсці да зместу

Старонка:«Дробязі» жыцьця (1927).pdf/77

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— І расцэнку камісія зрабіла неправіловую, а вы не перашкодзілі ім гэтага рабіць.

— Гэта ня наша, а іх справа.

— Іх, то іх, але калі ў камісіі багацейшыя, то вядома, што яны ўсё сабе на карысьць толькі будуць рабіць. Вось хоць-бы хутары: багацейшыя ў сялібах — на месцы атрымалі, а бедната — у полі. Багацейшым лепш перабрацца, а ў каго й тут ужо хата абурваецца, у таго яна тады зусім рассыплецца, а новую сілы ня хопіць пабудаваць.

Шклярскаму няпрыемна было слухаць гэта ад Турбоўскай, і ён пачынаў гаварыць аб другім, каб забыцца на хутары, на ўсю гэту гразь, якою аблеплена іх справа.

— Добра ў вас тут, — гаварыў ён, — сьвежасьць заўсёды, прыгожасьць у прыродзе, спакой. Тут можна забыцца на ўсё, знайсьці патрэбны для душы спакой…

— Ну, гэта вам толькі здаецца. Праўда, прырода ў нас шмат мае прыгожасьці, сьвежасьці ў нас досыць, але спакою няма; забыцца на ўсё ў той час, калі вакол сябе бачыш зусім няпрыгожую сапраўднасьць, няможна, праступна гэта будзе. Трэба працаваць памагаць людзям, а не супакоіцца і сядзець склаўшы рукі. Гэта толькі поп наш робіць, ды людзі, якія зусім ня ведаюць жыцьця.

Калі расходзіліся, Турбоўская праказала:

— Вашы хутары наробяць бяды нам. Вы ня пужайцеся толькі, тут ёсьць трохі сьвядомыя людзі, як-небудзь разблытаюць.