Перайсці да зместу

Старонка:«Дробязі» жыцьця (1927).pdf/76

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ці хутка працу канчаеце ў нас?

— А ўжо хутка… Упарадкуем вашу вёску.

— Вы думаеце?

— Ці я думаю так? Як-жа думаю, калі мы робім гэта? Хутары памагаюць сялянах устаць на ногі.

— Павашаму на хутарох ім лепш будзе?

— Так, бо хутары зьнішчаць межы, прыблізяць зямлю да гаспадароў, гэтым хутары памогуць зьнішчыць беднасьць.

— Ня ўсім. Хто цяпер у вёсцы бедна жыве, той і на хутары застанецца бедняком, бо зямлі-ж вы яму не дабавіце, а толькі большыя выдаткі патрабуе ад яго хутар, пераезд туды.

— На пераезд крэдыт даецца.

— А хто возьме гэты крэдыт? Усе? Не, ня могуць усе ўзяць, бо ён і даецца толькі багатым… Але, давайце, ня будзем аб гэтым спрачацца. Заставайцеся пры сваёй веры ў хутары, а я застануся з думкаю, што з іх карысьці для большасьці рубанаўцаў ніякай ня будзе… Вось аб вашым колегу нядобрыя чуткі ходзяць. Уся вёска гаворыць, што яму й парасят, і мёд, і грошы даюць багацейшыя. Ці гэта праўда?

— Гэта толькі гаворка… Я ня ведаю аб гэтым. — Слухаць аб хабарах было няпрыемна. Прызнацца, што гэта праўда, што ён ведае аб гэтым і нічога ня можа супроць зрабіць, значыць, паказаць сябе ў яе ваччу зусім бяспомацным. — Не, гэта толькі гаворкі…

— Ну, можа й гаворкі, але вельмі-ж упартыя ўжо гаворкі…