шукаліся. Дзяўчаты з жалем пазіралі на яе. З жалем, бо ведалі пра долю гаротную дзявочую, ведалі, што з кожнай такое можа стацца.
— А пахудзела-ж як!..
Убачыўшы Ніну ў вакно, мачыха нарыхтавалася вылаяць яе, каб тая з хаты ўцякла.
— Прышла! Нарабіла ўжо? Як з бацькавага вока, дык і гуляць? Пуза зрабіла, аборты робіш, ды мо‘ й ня раз?.. Перагулялася, дык захварэла, а цяпер на бацькаў хлеб ідзеш?.. А?.. Глядзі вось на сваё дзіцятка, любуйся, — зьвярнулася яна да Якава.
Ніну сьлёзы душылі, крыўда вялікая-вялікая на сэрцы, хацелася так багата сказаць аб тым, што ні яна вінавата. Але ці-ж яна зразумее…
Якаў стаяў сярдзіты ля стала. Шкода было бацьку сваёй дачкі. Хацелася, каб яна спрачалася з мачыхай, каб сказала, што не вінавата, каб апраўдалася чым. Лягчэй-бы было тады ў яго на сэрцы. А яна маўчыць, маўчыць, і ад гэтага ня стрымаўся Якаў.
— Як-жа гэта, дачка? Як гэта бацьку зьняславіла? Цераз цябе людзі не даюць праходу, цераз цябе сорамна мне на вуліцу выйсьці!
А яна маўчыць, нават ня плача.
— Дык вон-жа! вон з маіх вачэй! Ідзі да таго, з кім швэндалася!
— Гані, гані яе! Каб і нага яе паскудная тут ня была!
Прарваласа ў Ніны, не змагла маўчаць.