што працавала дарам на яго. — Напісала нешта на паперцы. — Гэта на, у больніцу схадзі і адтуль зноў сюды прыдзі, сёньня-ж.
Потым па тэлефону гаварыла ў суд.
— Таварыш Сьцяпан! Справа да вас. Зараз туды дзяўчына прыдзе… Трэба над Галіноўскім суд паказальны ўладзіць. Быўшы памешчык. Маняў у парабчанкі вясковую 18-цігадовую дзяўчыну і сын абмануў яе, потым завёў да бабы аборт рабіць. Дзеўка захварэла, мусіць, не паправіцца, бо ў сярэдзіне боль. Я выяўлю абортніцу і яе трэ‘ будзе прыцягнуць да адказнасьці… Дык кажаш, цераз два тыдні зробім? У Мазалаве? Добра, ды каб жанчын больш прышло, каб суд быў навучальным.
Потым званіла ў райпрофбюро.
— Таварыш старшыня, справа да вас. У Галіноўскіх парабчанка была без дагавору. Амаль што зусім не плаціў ёй, а цяпер прагнаў. У суд справу перадайце…
Потым чакала Ніну і думала.
„Ня зьнесла іх з зямлі хваля рэволюцыі, гэтых павукоў, гэтага сьмецьця гісторыі. Трывожаць яшчэ яны нас, цягнуць сок з цёмнай, працоўнай жанчыны… Яшчэ адно маладое жыцьцё загубілі. Пачакайце-ж!“
Ад доктара Ніна прынесла пісульку: „Хворая, мы тут памагчы ня можам, трэба ў больніцу, у Смаленск“.
— Не бядуй, сястрычка! Справу тваю перадала я ўжо ў суд, зараз сходзіш туды, а цябе ў больніцу ў Смаленск пашлем. Прыдзі праз колькі дзён сюды, я прыгатую ўсё.