Перайсці да зместу

Старонка:«Дробязі» жыцьця (1927).pdf/48

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

як-жа на вочы людзям пакажуся?.. А мо‘, а мо‘ не абманіць? Няўжо-ж ён гэтак падобен да другіх багацеяў, што насьмяхаюцца толькі над дзявочай красой“.

Гэтыя думкі цэлыя дні ня выходзілі з галавы Ніны, не давалі спакою ёй.

Х.

Добрым выдаўся ліпнёвы вечар. Паненкі гуляць у горад накіраваліся, зьбіраўся і Лявон.

Ніна ўжо некалькі дзён думала аб тым, што павінна сказаць аб усім Лявону, спытаць у яго: што-ж ён сабе думае? Сёньня надумалася канчаткова пагаварыць з ім.

І калі ён накіраваўся на вуліцу, клікала:

— Лявон, ці можна на пару хвілінак?

— Ну, што табе? кажы, — нездаволена адазваўся той.

— Лявон! ты вось сярдуёш на мяне, а за што? Няўжо-ж ты забыўся на ўсё, што казаў. Дзе-ж твае словы? Дзе каханьне, аб якім ты гаварыў? І бачыць мяне ўжо ня хочаш?

— Што ты ўздумала… Проста некалі мне, спраў у горадзе больш стала. Дый адкуль ты гэта ўсё ўзяла? Ты аб чым сёньня хочаш казаць?.. Я сьпяшаюся ў горад. Кажы, а то мама ўбачыць… будзе…

— Дык табе сорамна быць са мной? А я-ж твая… Я зацяжарыла…

— Што? што ты сказала?.. зацяжарыла?

— Але. У нас, Лявонка, дзіця будзе…

— Ты праўду кажаш? — пужліва, але ветлівей спытаў ён.