Ад гэтай пахвалы пачырванеў твар Ніны. Засаромілася, і, каб захаваць гэта, яна запела.
Спакой вясеньвяй ночы парушыў прыемны дзявочы сьпеў. Здаровы, чысты, прыродны голас, сумам пранятая песьня, якую можна пачуць толькі ад вясковай дзяўчыны, у якой усё жыцьцё было працята сумам, трывожылі душу слухаўшага яе.
І Лявон заслухаўся. Заслухаўся песьняй аб долі дзяўчыны, пакахаўшай хлапца, аб тым, як разьбіваюць шчасьце каханкаў бацькі.
Пяючы, Ніна пазірала ўбок кудысь. Яе твар цяпер, ахоплены натхненьнем сьпеву, пры сьвятле месячыка здаваўся дзіўным малюнкам прыроды. Здавалася, што гэта дзяўчына — зьявішча вясны, што вясна падарыла гэту дзяўчынку прыродзе, каб у ёй паказаць людзям сваю прыгожасьць, усё сваё хараство…
— Вунь там да берагу пад‘едзем ды вылезем, — праказаў Лявон.
Скора човен ткнуўся носам у пясок. Лявон падцягнуў яго яшчэ трохі, а потым паслаў на мураве пінжак і запрасіў Ніну сесьці.
— Дзякую, я буду стаяць, вось кветак назьбіраю.
Але апаўшая ўжо раса мачыла ногі, і яна хутка зноў стала ля Лявона.
— Паедзем дамоў.
— Пачакай яшчэ трохі.
А пра сябе Лявон думаў:
„Ну трэба пачынаць“.
— Сядай, Ніна! — узяў за руку, пасадзіў побач і гаварыў: — Ніна, якая ты прыгожая дзяў-