нехта яшчэ два разы напільваў хвою раней. Схапіў я гэта кавалкі, да іконкі паціху прымераў, акурат укладаюцца ў выпіленае, ды бягом з імі дамоў, за іконы схаваў.
Раніцой фэст павінен быў пачацца. У маёй старой хворасьць нейкая ў касьцях, дык яна й кажа: ахвярую трубку палатна на багародзіцу, зарок я ёй дала, мо’ вылечуся ад хворасьці.
А мне як устрымацца. Не ахвяруем, кажу, нё патрэбна богамацеры палатно; так маліся, ідзі ў царкву. А яна сваё: я зарок дала на гэта і нагару лезе ў кубел за палатном. Крыўдна мне, ведаючы ўсё гэта, стаў ля драбіны, ня пушчаю на гару лезьці.
Ля двара ўжо поўна людзей было, фэсту чакалі.
Чаму не дасі, крычыць старая, як не дасі на зарок яўленай іконе, пакарае бог цябе за словы такія. А я: ня дам і толькі, казаць усё баюся, думаю — пойдзе ў хату, дык там і скажу.
Сварыліся гэта мы паціху, людзі заўважылі, бліжэй падыходзіць пачалі, а яна пры людзях у плач, ды на мяне з капцюрамі, вочы выдраць кідаецца. Парашыў я тады людзям праўду сказаць.
Пазваў настаўніцу, выняў з-за ікон кавалкі тыя хваёвыя і кажу: абманулі вас цудам, хрысьціяне. Не яўленая гэта ікона, а ўставілі яе сюды ў хвою, з-за клірасу ў нас у царкве зьнята. Я два разы піліў хвою, кажу, а тут тры кавалкі, адзін раней выпілены быў, як іконку ўстаўлялі.