— Выбачайце, тут жыў нехта Капцюр, ня ведаеце?
— Капцюр? Ня чула аб такім. Я ўсяго тыдзень, як жыву тут. Зайдзеце хіба да гаспадыні, вось улева дзьверы.
Калі ўвайшла ў пакой, нестарая яшчэ жанчына, упёршыся рукамі ў бакі, зьдзіўлена пазірала на Ліду і гаварыла:
— Капцюр? Перабраўся ён на другую недзе кватэру і даўно ўжо. Ня ведаю куды, ня пытала… Што-ж, птушачка ясная, мо‘ наляцела на яго, абмануў?
Словы гаспадыні, нібы нож, разанулі па сэрцы. Думкі трывожныя, якія раней адганяла, цяпер заўладалі ёй. Нешта цяжкое стукамі адбівала ў галаве словы.
— Абмануў, абмануў…
Успомніла апошні вечар, п‘яных сяброў яго і тую жанчыну. Успомніла і яго словы: „а што я да цябе дакуль-бы гэта хадзіў так“. Цяпер усё было зразумела.
Абмануў і схаваўся, назнарок не паказваецца. Абмануў. Адна, дзіця, як-жа цяпер?.. Але як гэта магчыма, ён-жа комуністы і гэтак зрабіў?.. Але дурная, дурная я, забылася, што ён мужчына, як і другія, і ў ім мужчына мог перамагчы комуністага… Дык чаго-ж уцёк? Ён-жа досыць сьвядомы комуністы, няўжо мог гэтак абыйсьціся са мной ён?“.
Зноў успомніла п‘яную жанчыну і п‘яных сяброў, вечар, першы раз, калі праводзіў яе, і мяккія, пухлыя, рукі без мазалёў, потым выпадкова аброненыя ім словы аб гімназіі і тое, што гаварыў аб сабе ў садзе.