— Цэлую ноч сядзіш над кніжкай, чатыры-пяць разоў прачытаеш, перакажаш таварышцы і потым, запамятаваўшы, ідзеш здаваць. Усё напамяць зубрылі і ніякіх там разуменьняў.
Капцюр сьмяяўся, слухаючы, і сам гаварыў.
— Памятаю, памятаю і сам гэта добра. Ох, гімназія. Гуляеш гэта з дзяўчатамі, потым вызубрыш, здасі і ўсё…
„Вызубрыш і здасі, гімназія?“ мільганула ў галаве Ліды думка. „А што-ж ён раней казаў, што нідзе ня вучыўся, а сам здалеў пісьменнасьць?..“
— А ты хіба быў у гімназіі, вучыўся? — запытала яна.
Капцюр нешта адразу зьмяніўся ў твары і, каб не заўважыла зьмены яна, разгарнуў кнігу, пачаў чагось шукаць у ёй. На запытаньне не адказаў.
— Тут адно месца мне надта спадабалася, але ніяк нешта не знайсьці.
Пагартаў яшчэ кнігу, не знайшоў патрэбнага месца і начаў зноў разважаньне аб карыстаньні кнігай. Ліда папракнула сябе за запытаньне, парашыла, што яна не зразумела яго. Больш ня пытала аб гімназіі, але чамусь успомніла вечар, калі ён праводзіў яе дамоў, і рукі без мазалёў, а вочы цягнуліся паглядзець на рукі, праверыць.
— Паглядзі кнігі, што зможаш скарыстаць для падрыхтоўкі — возьмеш. А цяпер хадзем на фабрыку, пакажу табе машыны.
А пра сябе тымчасам думаў:
„Сёньня павінен узяць… інакш бабай будзеш, сябры засьмяюць“.