Перайсці да зместу

Старонка:«Дробязі» жыцьця (1927).pdf/166

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

знаёмая постаць і твар з простай адкрытай ветлівай усьмешкай дзіцячай. Акінула вачмі пакой.

— Як добра тут у цябе, колькі кніг, якое багацьце!

— Гэта не багата яшчэ, шмат раздаў комсамольцам. Ты распраніся, будзь, як у сябе ў хаце. Вось тут сядай.

— У цябе так прыбрана, нібы рука гаспадыні пахадзіла ля ўсяго.

— Гэта рука будучай гаспадыні, яна тут са мной.

Ліда пачырванела, не адказала нічога. Села ля стала і пачала разглядаць кнігі.

— Як ты пасьпяваеш іх чытаць? Я-б ніколі не змагла, здаецца, здолець іх, запамятаваць усё.

Засьмяяўся.

— А хіба запамятаваць усё трэба?

— Ну, а як-жа?

— Ой, якая ты дзіўная! Кнігу ня трэба запамятаваць усю, а ў ёй трэба ўмець знайсьці патрэбнае табе. Вось, напрыклад, сёньня аб падатковай політыцы трэба мне матэрыял, я бяру гэту кнігу, заўтра аб другім чым — другую. Не запамятаваць кнігу трэба, усё напісанае ў ёй, а зразумець.

Ліда чула гэта ў першы раз. Калі ў гімназіі вучылася першыя гады, а потым і ў савецкай школе, яна старалася запамятаваць усё, што даваў выкладчык, і таму думала, што і гэтыя таўстыя кнігі трэба ўсе запамятаваць, вывучыць, а ён кажа: зразумець трэба. Гэтак проста і правільна. Пачала расказваць аб вучэньні ў гімназіі.