Перайсці да зместу

Старонка:«Дробязі» жыцьця (1927).pdf/161

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Нічога, багатае. Добра пажыць так…

— Я слухала, нібы апавяданьне цікавае. Чаму вы не напішаце аб сваім жыцьці, вось так проста, як гаварылі мне, праўду ўсю. Гэта было-б надта багатае па зьместу апавяданьне.

Гаварыла, а ў галаве пляліся радкі новага вершу, які будзе прысьвечаны яму.

— Не змагу я напісаць прыгожа, дый ці варта. А каб умеў пісаць, шмат-бы матэрыялу свайго асабістага было.

Пачаў пераказваць ёй асобныя моманты з франтовага жыцьця, а ёй зноў здавалася, што не яго слухае, а слухае напісанае дзесь у кніжках.

„Вось жыцьцё такіх зьяўляецца крыніцай для творчасьці мастакоў. Тут яны могуць чэрпаць сабе патрэбны матэрыял і чэрпаць без канца“.

Капцюр скончыў гутарку пра франтавое, памаўчаў, потым пачаў скардзіцца на сваё жыцьцё.

— Цяжкое жыцьцё. Тады захапляла сабой яно і не адчуваў гэтага цяжару, а цяпер другі час, цяпер другія і большыя труднасьці на кожным кроку. Цяжка аднаму, часам хочацца з кім-небудзь пагаварыць, выказаць свае думкі, знайсьці ў каго падтрыманьне, калі рукі апусьцяцца пры стрэчы з новай труднасьцю. Сумна…

— А хіба ў вас няма сяброў, хіба вы адны, а партыя?..

— Усё гэта так. Калі я ў сваёй… партыйнай сям‘і на фабрыцы, я зноў жыву, як і раней, але дома, вось дзе я адзін.