таеш слова на паперы такое, якое чуў у жыцьці, захопішся ўвесь радасьцю бязьмернай, адчуваеш сябе найшчасьлівейшым… Лемантар лепшым сябрам быў, з-за яго шмат зносіў крыўды. Згубіш кароў, у шкоду ўпусьціш, а дома гаспадары лаюць, карміць ня хочуць. Але што гэта ўсё, калі я быў захоплен яскравасьцю, якой палала недзе далёка ад мяне зоркай пісьменнасьць. Кожную хвіліну карыстаў, каб наблізіцца да яе, каб здолець яшчэ адно слова, яшчэ адну старонку лемантара… Падрос — у парабкі пайшоў, ня меў часу больш чытаць, думаў — усё прапала. Вайна царская — таксама. Далей рэволюцыя, пайшоў у шэрагі чырвонай гвардыі і там пачаў жыць. Фронт, акопы, пераходы па сто вёрст у суткі. На пераходах, у акопах зноў лепшым сябрам стала кніжка. Камісар дапамог вывучыцца чытаць добра… На ўсіх франтох пабыў, у партызанах, два разы ад расстрэлу ўцякаў… Потым партыйная праца, завод. Тут яшчэ ўзяўся больш за вучобу, бо без яе ня мог часам кроку зрабіць. Але і цяпер, хоць і здолеў крыху навуку, усё пачуцьцё здаваленьня захапляе, толькі ўжо пасьля таго, як новую кніжку здолееш, а раней — слова адно…
Гаварыў, пазіраючы перад сабой і нібы чытаў напісанае дзесь аб сабе апавяданьне. А Ліда затаіла дыханьне, увесь час пазірала на яго, моцна сьціскала ў сваіх яго руку.
— Пастух, парабак, сам ад літары, ад слова дайшоў да кніг навуковых. Якое багатае ваша жыцьцё.