Перайсці да зместу

Старонка:«Дробязі» жыцьця (1927).pdf/159

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

яна ўвесь час думала аб ім, шукала стрэчы гэтай.

Параўняліся з садам.

У мяне ногі баляць, шмат хадзіў сёньня, хадзем пасядзім.

Увайшлі ў сад. Там на лаўках скрозь сядзелі людзі. Прышлося прайсьці аж у кут саду. Селі. Капцюр пытаў, як жыла апошнія дні, слухаў яе адказы і часам перабіваў яе, даводзячы падобныя прыклады з свайго жыцьця. Гэтым зацікавіў яе.

— Маё жыцьцё вельмі беднае па зьместу, нічога ў ім асаблівага няма. Вы аб сабе раскажэце, вы, мусіць, багата перажылі за гады пражытыя. Гэта такое багацьце, хто жыў як трэба, цалкам.

Пачаў апавядаць.

— Жыцьцё… Жыцьцёвы шлях… Хоць і не даўгі ён, а чалавек, калі пройдзе па ім не з заплюснутымі вачмі, шмат чаго пабачыць. Шмат і я пабачыў ужо. Багата цікавасьцю маё маленства… Было шасьцёра нас у бацькі на тры дзесяціны зямлі і ўсё малыя, драбяза. У мяне было нязвычайнае жаданьне вучыцца і ад таго ўжо к васьмі гадом вывучыў літары, але ў школу пайсьці ня мог, бо трэба было зарабіць у дом. Я большы з шасьцярых і таму пачынаю пасьціць сьвіней у суседзяў, а падрос яшчэ крыху, дык каровы ў поле пачаў ганяць. Жаданьне вучыцца ўвесь час не пакідала. Браў за статкам лемантар з сабою і там вывучаў склады. Сядзеш на пень, дзе на ўсё забудзешся і складаеш з чорных літар вялізныя гукі, я з іх словы. Як прачы-