блакітны колер афарбавалася, а зямля, што дзяўчына-красуня, падстаўляе шчокі свае пад палкія пацалункі каханага, пачала прымаць гарачыя пацалункі праменьняў сонечных. І як плача ад радасьці маладая дзяўчына, першы раз пазнаўшая каханьне, плача ад збытку шчасьця, бо хоча падзяліцца ім з кім-небудзь і сароміцца сказаць аб гэтым, хоча абдымкамі сваімі абняць увесь сьвет у тыя хвіліны, так зямля заплакала ў дні прадвесьня, раўчукамі перапоўніла рэчку, а тая вышла з берагоў і холадам вады сваёй захацела абняць як мага найбольшы прастор. Але ўздым гэты быў не надоўга, усяго на некалькі дзён, а потым спала вада, рэчка зноў увайшла ў свае берагі звычайныя і вось хутка зноў пацячэ ціхенька, хаваючыся ў берагох, нібы засароміўшыся за свой парыў, за тое, што асьмелілася выйсьці з берагоў сваіх з жаданьнем захапіць найбольшы прастор. А хіба яна ня мае на гэта права?.. Можа й ня мае, а мо‘ ад таго, што не хапае сілы, каб утрымацца на захопленым прасторы… І я сваёй вясны чакала, верыла ў яе і адважылася на ўздым, на тое, каб выйсьці, каб вырвацца з хатніх сьцен і вышла… А цяпер як? Няўжо-ж зноў прымушана буду зьвярнуцца туды? Няўжо ён не схацеў дапамагчы?“…
Поглядам, у якім нічога ня можна было разгадаць, пазірала Ліда на рэчку, на бягучую ваду, а ў галаве неспакойныя думкі, трывожныя. Вось ужо больш тыдню яна не сустракаецца з сваім знаёмым. А ў апошні раз, калі зайшлі ў сад вечарам, ён абышоўся з ёй нядобра.