— Пабачыце…
— Калі гэта будзе?
— Да Манькі яе прывязі, маладцом будзеш, сваё дакажаш. Там ацэнку дадзім. Ха-ха-ха…
— У чэрці!
Капцюр накіраваўся да дзьвярэй.
— Прывязеш да Манькі? Хутка? А мо‘ пашкадуеш сябром, а?
На вуліцу Капцюр вышаў злосны. Яму сёньня напомнілі аб тым, за што ён больш усяго баяўся, аб чым, апрача сяброў, ніхто ня ведаў і не павінен-бы ведаць. Спужаўся, што сябры могуць прагаварыцца. Падругое, злосьць брала і ад таго, што яны аб Лідзе так разважаюць. Праўда, ён добра ведаў, што не кахае яе, але ўсё-ж дзіўнасьць яе крыху зацікавіла яго, прымусіла аб ёй думаць.
Крыху шкада яе было, маладой, наіўнай. Яна адразу яму даверылася, усё расказала. І вось было жаданьне прымусіць сяброў не гаварыць аб ёй, як заўсёды аб дзяўчатах, і ў той-жа час сорамна было перад сябрамі, сорамна таму, што могуць з яго сьмяяцца, скажуць, што спадніца заўладала ім і за нос водзіць.
VII
„Поўная прыгожасьць вясны адчуваецца толькі ў дні прадвесьня, калі яшчэ вясны няма, але ведаеш, што яна будзе, і чакаеш яе. І я чакала вясны, верыла, што яна прыдзе… Хоць-бы гэтую рэчку ўзяць. Цэлую зіму была скавана яна лёдам, сьнегам была замецена і пад лёдам бегла няпрыкметна. Потым неба ў