гаворкай, набліжаецца на хаду ўсё бліжэй да Ліды. Ужо локаць яе адчувае яго руку.
— Дазвольце вас пад руку ўзяць, а то яшчэ зваліцеся, такая цемра.
— Не звалюся, я добра ведаю тут кожнае месца.
Але рука яго ўжо пад пахай. Вось ён нібы няпрыкметна сваімі пальцамі кратае яе руку і ў гэты час сыпе словамі, ніжэй схіляе да яе галаву. Ужо ўзяў яе руку ў сваю, апавядае сьмешны анэкдот аб адным сваім сябру і далоньню сваёй цісьне яе маленькую руку. Яна йдзе ўжо па самаму краю тротуара, адхіляе ў бок твар ад яго дыхаў, хоча вызваліць як-небудзь руку, думае:
„А што, калі ён складзе аба мне ўражаньне, што я проста дзяўчына, якая захацела пазнаёміцца з мужчынам, з комуністым?“
А ён у далоні сваёй перабірае яе пальцы. Рука яе хоча чамусь адчуць на яго далоні мазалі — адзнаку рабочага, але замест мазалёў адчувала мякаць пухлай, непрацоўнай далоні. І ў галаве заварушылася непакойная думка:
„Фабрычны рабочы? А чаму-ж няма мазалёў, чаму рукі такія… мяккія, мо‘ што гэта я варажу. Я-ж ня спытала, на якой ён фабрыцы, якую працу выконвае?“ — адганяла яна гэту думку.
Перад вачмі маленькі садок і дом. У вокнах сьвятло.
— У гэтым доме наша кватэра. Выбачайце, вы дарэмна з-за мяне час згубілі.
— Кіньце гэта. Я адчуваю сябе затое вельмі добра. Адпачыла зусім галава і цяпер