Перайсці да зместу

Старонка:«Дробязі» жыцьця (1927).pdf/143

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Выбачайце, я вам цэлы даклад прачытаў. Прывычка такая дрэнная ў мяне, — кожны раз прыходзіцца растлумачваць таварышом розныя пытаньні.

Апошнія словы праказаў ціха, зірнуў на другі стол, дзе сядзелі яшчэ трое, як-бы баючыся, што хто-небудзь падслухае яго гаворку і пасьля пачаў распытваць Ліду аб хатнім жыцьці, аб тым, як часта бывае ў клюбе, як адчувае сябе там. Лідзе хацелася аб сабе, аб хатнім жыцьці сваім, усё расказаць яму, знайсьці ў яго спачуваньне, але нешта стрымлівала, не давала зрабіць гэтага. Як-бы не хапала слоў для гаворкі, і яна абмяжоўвалася кароткімі маласлоўнымі адказамі: добра, дрэнна, так сабе. Ён заўважыў гэта і спыніў гэту гутарку.

— Вы рабіць што-небудзь прышлі ў клюб? Што гэта за сшытак?

Пачырванела. Спачатку працягнула руку, каб ня даць яму сшытка, але стрымала, узяла газэту і пачала камячыць яе. Вочы разглядалі стол, а вуха лавіла шамаценьне старонак сшытку.

— О-го! вы поэтэса, дазволіце пачытаць?

— Гэта… нядобрыя, спроба пакуль што…

— Дазвольце, я пабачу, а потым скажу: згодзен з вамі ці не, можа й ня так дрэнныя, як вы аб сабе кажаце, а наадварот.

— Дайце, я пакажу вам апошнія, больш удалыя.

Разгарнула сшытак на сярэдзіне.

— Вось гэты і далей, вядома, таксама слабыя.