Перайсці да зместу

Старонка:«Дробязі» жыцьця (1927).pdf/140

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Я да Зосі зайду, на гадзіну адну і зьвярнуся.

— Ідзі, я ня трымаю, але так пытаю, цікава, куды йдзеш.

Ліда нездаволена была гаворкай з сястрой, а такія гаворкі ў іх распачыналіся кожны раз, калі Ліда пачынала куды-небудзь зьбірацца. Ліда да сястры сваёй адчувала нешта належнае, як да сястры, паважала яе, як старэйшую, больш практычную, але злавала на яе за такое дыплёматычнае выказваньне апякунства, ад якога рабілася крыўдна за сябе, за тое, што сястра лічыць яе нібыта дзіцём. Ад гэтага на такія запытаньні сястры адказвала злуючы і часам не гаварыла ёй праўды.

Ліда ўзяла з шафы свой сшытак, разгарнула яго, перагортвала старонкі і доўга ўглядалася ў напісанае там. Потым згарнула зноў і працягнула руку да шафы, каб палажыць сшытак назад, але нешта стрымала руку, і яна замест гэтага загарнула сшытак у газэту і вышла з ім з пакою.

„Калі спаткаю, яго, пакажу лепшыя, хай параіць, ці варта час траціць“.

З гэтым рашэньнем накіравалася ў клюб. Ішла па тротуару сьпяшаючыся, абганяла другіх. Але калі падышла да рогу апошняга кварталу, на другім канцы якога зьмяшчаўся клюб, сьцішыла хаду. Ідучы, ля дзьвярэй клюбу спынілася, глянула ў калідор, але не зьвярнула ў дзьверы, а паціху прайшла да канца сьцяны дому, спынілася на рагу ля афіш, а адтуль праз вуліцу пайшла ў сад.