Перайсці да зместу

Старонка:«Дробязі» жыцьця (1927).pdf/137

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

кінуў позіркам на прысутных, потым накіраваўся да раду, дзе сядзела Ліда, і сеў побач.

Клюб напоўніўся ўжо. На сцэне за сталом сядзелі дакладчык і опонэнты.

Сусед Ліды нешта пісаў алоўкам на лістку блёкноту, нізка схіліўшыся над каленам. Пісаў паціху, абдумваў пісанае. Ліда пачала ўглядацца ў яго. Прыгожы, чарнявы. Выгляд сур‘ёзны, зусім не такі, як у другіх. Потым ён узьняў вочы ад блёкноту, і яе погляд сустрэўся з вострым яго поглядам, ад чаго зараз-жа адвярнулася, засароміўшыся, пачала пазіраць на сцэну.

Пачаўся дыспут.

Усё, што гаварыў прамоўца, здавалася ёй надта разумным, хоць трудна давалася зразумець сэнс прамовы, — ніколі яшчэ ня слухала сур‘ёзнай прамовы дагэтуль.

У спрэчках старшыня назваў нейкае прозьвішча, нясчула Ліда якое, але за гэтым узьняўся яе сусед, узышоў на сцэну, гаворыць. З яго слоў улавіла сэнс: шлюб павінен быць саюзам роўных. Яшчэ шмат гаварыў, а як скончыў, пачырванеўшы, сеў на месца. Ліда яшчэ ўважлівей пачала ўглядацца ў яго.

— Вы, мусіць, ня згодны з маімі словамі, — зьвярнуўся ён да Ліды.

Гэта было нечакана і ад таго, не раздумаўшы, праказала.

— Я згодна, з усім згодна, чаму-ж не…

Больш не гаварылі. Ліда слухала спрэчкі, а ён ні то слухаў, ні то думаў аб чым.