даць канец апавяданьня дзеда, хацелася, каб ён скарэй расказваў. А дзед, відаць было, зусім ня хоча рабіць гэтага. Ён паважна круціў папяросу, з боку пазіраў на мяне, выглядаючы, ці ўдалося заінтрыгаваць і сумысьля доўга маўчаў, бачачы мой напруджаны да слуханьня твар. Быў здаволены сабой.
— Пахне зямліца, пахне, добра выпрала, добрае буйнае жыта ўзрасьце.
Нагнуўся, пачаў капацца ў ральлі рукой, ці выпрала, ці мякка.
— Дык што-ж сталася з папом?
Выпрастаўся, глянуў на мяне і, не адказаўшы, пачаў гаварыць далей.
— …Не сказаў гэтага Сымон больш нікому, звыкліся мы з папом і дзіваком пачалі яго зваць, — надта часта ў лес стаў хадзіць. Людзі спачатку аб гэтым гаварылі, потым сьціхлі, — каму якое дзела да яго, хто йдзе ў царкву — ідзі, поп служыць абедню і добра, што ад яго больш. У царкве, трэба сказаць, людзей усё памяншалася, цесна станавілася папу ў жыцьці, бо з людзей-жа толькі й жыў. Ну, яно нічога-б, толькі адзін раз, праз год гэта ўжо пасьля салдат, прыбягае да мяне ноччу, як з ложку, поп, стукае ў вакно і крычыць: скарэй, Пракоп, бог заве мяне, дык скарэй звані йдзі, хай зьбярэцца народ.
Зусім звар‘яцеў, падумаў я, пачаў адварваць. Гэта прысьнілася, кажу, табе такое, ня варта людзей ноччу будзіць з-за гэтага. А ён чуць ня плача, просіць званіць, страшчае богам. Пайшоў я.