нават ня чытаў яшчэ, што там. Думкі былі заняты зусім другім вось ужо некалькі дзён.
У горад, па суседзтву, дзе жыў Капцюр, прыехаў адзін спэкулянт з жонкай. Прыгожая жанчына жонка, маладая. Спэкулянт сам па справах бегае ўвесь час, а жонка ў пакоі. Капцюр у заклад біўся з сябрамі аб тым, што паставіць рогі спэкулянту, выцягне яго жонку з пакою і да сяброў на вечарынку прывядзе сёньня. Для гэтага наўмысьля вечарынку рыхтавалі. Сёньня апошні дзень.
Дзейнічаць Капцюр раней пачаў. У кватэру да іх нібы па справе якой зайшоў раз, а сёньня знарок раніцай падпільнаваў, калі яны йшлі на пагулянку, павітаўся, спытаў прыкурыць і пашоў з імі. Дарогай з мужам нібы аб справах гаварыў і ў той-жа час кідаў словы ў яе бок, як-бы зусім выпадкова. Потым з ёй загаварыў, а адыходзячы, ласкава разьвіталіся. Заставалася дзейнічаць далей.
Прагудзеў гудок на абед.
„А цяпер да сакратара трэба, а то пасьля бывае ня ўбачу“.
Праходзячы праз упаковачнае аддзяленьне на фабрыцы, перакідваўся словамі з дзяўчатамі, падміргіваў ім. Гэта рабіў па прывычцы. З дзяўчатамі інакш абыходзіцца ня мог.
Знайшоў сакратара.
— Я да вас зайшоў… Прыехалі родныя, сёньня не змагу быць на сходзе.
— Родныя? мо‘ маці? Калі так, дык ня прыходзь, хоць і сход ня доўга зацягнецца.
— Маці, да доктара яна, завесьці трэба будзе.