Мікалай сядзеў у габінэце Якаўлева, знаёміўся з справамі, выслухоўваў сялян. Тут-жа быў і Якаўлеў.
— Добра, што вас прыслалі сюды, паможаце абмылкі справіць.
— Абмылак у вас шмат нароблена тут.
— Ня было кіраўніцтва добрага, аднаму цяжка, а комуністага ніводнага ў нас, ня было каму паказаць.
У габінэт увайшла куча сялян.
— Прышлі зноў у выканком, бо далей няможна. Б‘ёмся, сварымся, сёньня два двары згарэла, а ўсё з-за таго, што таварыш Якаўлеў каморніка адазваў.
— Што ў вас такое вышла?
— Гэта з Рубанаўкі. Казаў я ім, што ня можам даць каморніка, а УЗО дало, плян зямляўпарадкаваньня наш парушылі. Я каморніка адазваў. Ён у УЗО паехаў.
— Два разы ўжо нас мерылі, усё блыталі, пачалі ў трэці раз, думалася канец блытаніне будзе, ажно, відаць, ня так лёгка гэта зрабіць. Дапамажэце вы, дайце скончыць працу. Нам каморнік трэба, бо зямля няворанай застаецца, гной нявожаны, а з спаўкому міліцыю прысылаюць.
— Яны бяз ведама выканкому хадайнічалі…
— Вы адмовілі нам, дык мы ў павет, як-жа бяз ведама.
— Нядобрая справа. Гэта памылка вышла. Едзьце дамоў, а я сёньня-ж пагавару ў павет, каб каморніка зьвярнулі, на гэтым-жа тыдні ён будзе ў вас.
— Каб-жа быў?