Хмары імжаць дожджыкам, пояць усходы жыта, пасеянага рубанаўцамі яшчэ па палосках, вясной будуць сеяць пасёлкамі. Ужо трэці дзень ходзіць на полі каморнік, адводзіць пасёлкі.
— Рубанаўка б‘ецца на пасёлкі.
Гэта вестка дайшла да Якаўлёва.
„Соцыялізм — гэта вучот“, пазіраюць на Якаўлева са сьцяны чырвоныя літары.
— Як-жа гэта яны дапусьцілі? Гэта, непаразуменьне! Гэтага ня можа быць! Я казаў тут рубанаўцам, што нічога ня выйдзе з паездкі ў павет, а яны там далі каморніка, падарвалі аўторытэт мясцовай улады. Гэта непаразуменьне, яны павінны справіць яго.
Узяў кавалак паперы і на ёй напісаў: „Зямляўпарадкавацелю… прапануецца спыніць працу і прыехаць з усімі прыладамі ў валвыканком“.
Потым пайшоў у габінэт, званіць у УЗО.
— Цэнтральная… УЗО? Загадчыка пазавеце, вельмі тэрмінова… Гэта недапусьціма. Што вы зрабілі? Ня ведаеце?.. Як ня ведаеце ў чым віна? Мы рубанаўцам гаварылі, што ў гэтым годзе ня будзе ў іх каморніка, унесьлі іх ў плян па воласьці, а вы ня лічыліся з гэтым, далі ім каморніка, пасьля таго, як я казаў, што не дастануць яны сабе каморніка… Вы гэтым падарвалі наш аўторытэт, аўторытэт мясцовай улады. Парушылі наш плян…
Ад трубкі — да Патапа, стоража выканкому.
— Садзіся, Патап, верхам і завязі гэты пакет у Рубанаўку каморніку. Скажы, што я гаварыў, каб ён абавязкова сюды прыехаў, з усімі прыладамі… Гэта чорт ведае што та-