Перайсці да зместу

Старонка:«Дробязі» жыцьця (1927).pdf/101

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ужо жоўтаю сьцяною стаіць сьпелае жыта, паціху шапаціць калосьсем, разьвітваецца з полем. Дзе-ні-дзе ўжо снапы ў бабках стаяць.

Пачынаецца жніво, а там пара і араць пад жыта.

Па небу ўсё часьцей кавалкамі хмаркі бягуць, папераджаюць людзей, што недалёка і восень дажджлівая.

— Як-жа будзе, ці зноў так застанемся?

— Хадзем гуртом да валспаўкому.

Да нездаволеных зямляўпарадкаваньнем далучыліся і хутаране. Толькі маленькая кучка багацеяў засталася ўбаку.

— Усе на пасёлкі пойдзем… Нясі, Лявон, гэту заяву, хай даюць каморніка.

У нядзелю ў выканкоме людзей поўна. Якаўлеў цэлы дзень нездаволены.

— Няма ў людзей парадку, кучай пруцца ў габінэт і рабі з імі што хочаш. Ну, чаго вы разам, ня буду-ж я слухаць усіх адразу.

— А мы й гаварыць усе ня будзем. Лявон, кажы.

— Да вас за дапамогай. Былі ў УЗО, ня было ў іх каморніка, але абяцалі, калі будзе, дадуць, трэба ваша дапамога, каб хадайнічалі за нас ад спаўкому. На пасёлкі мы ўсе выходзім…

— Дайце сюды заяву. — Прачытаў. — Мы вас унясем у плян зямляўпарадкаваньня па воласьці. Прыдзе чарга — правядзем яго, а цяпер нічога ня можам зрабіць.

— Чаргі чакаць? Дакуль-жа гэта? Як-жа далей жыць? Ня можам мы чакаць. Ня можам