Стагодзьдзе новага беларускага друку
| Стагодзьдзе новага беларускага друку Артыкул Аўтар: Вінцэнт Гадлеўскі 1935 год Крыніца: Калосьсе. — Год I. Кніжка 3. — С. 165—168 |
B. ГАДЛЕЎСКІ
Стагодзьдзе новага беларускага друку
(Да 100-тых угодкаў выхаду ў сьвет беларускай катахізмоўкі)
Сёлета мінае 100 гадоў ад надрукаваньня беларускай катахізмоўкі, якая зьяўляецца пачаткам новага беларускага друку і дзеля гэтага выхад яе ў сьвет становіць, можна сказаць, эпоху ў беларускім культурным жыцьці.
Стары беларускі друк, які пачаўся 6 жніўня (ст. стылю) 1517 году надрукаваньнем Ф. Скарынай у Празе Чэскай „Псалтыра“ і які ў тым-жа 16 і часткова 17 стагодзьдзі дайшоў да найбольшага свайго росквіту, у 18 стагодзьдзі заняпаў зусім. Многа прычынаў злажылася на гэты заняпад. Галоўнай прычынай было тое, што наша тагачасная інтэлігенцыя раздвоілася: адна часьць пачала пераймаць польшчыну, а другая — царкоўна-славяншчыну. Першая частка ўводзіла ў беларускую літаратуру столькі слоў, хвормаў і зваротаў польскіх, што тагачасныя беларускія друкі, пачынаючы ад 17 стагодзьдзя, маюць характар нейкай моўнай трасянкі, зложанай з беларускіх і польскіх слоў. Гэтакай трасянкай пісалі тыя, што пераймалі каталіцтва і разам з ім польшчыну; яны з часам перайшлі цалком на польскую мову. Тыя-ж, што аставаліся пры праваслаўі, таксама кідалі беларушчыну, варочаючыся да царкоўна-славяншчыны, або лепш кажучы — да стара-баўгаршчыны, якою былі пісаны царкоўныя кнігі. Павадыры праваслаўя ў нашым краі жадалі гэтым прыбліжыць жывую беларускую мову да „любезнѣйшого“ (як яны выражаліся) і „суптельнѣйшого языка словенского“. Жаданьне гэтае выплыла ў іх з зусім фальшывых асноваў, што быццам калісь усе славянскія плямёны мелі тую славянскую мову, якая перахавалася несапсаваная ў царкоўных літургічных кнігах. Дзеля гэтага павадыры праваслаўя ў нас стараліся ўдзяржаць гэту мову ўва ўсіх ня толькі царкоўных, але і сьвецкіх кнігах, каб такім спосабам захаваць еднасьць славянскіх плямёнаў ад Адрыятыкі да Ноўгараду[1]. У імя гэтай еднасьці вучыцялі забаранялі вучням брацкіх і наагул царкоўна-рэлігійных школ гаварыць мовай народнай („простай“), а загадывалі ўжываць мову славянскую або грэцкую[2]. Ясна, што мова, якая ня мела апорышча ў народных масах, інакш кажучы, якая ня жыла, не магла ўдзяржацца на ўзьверху жыцьця і мусіла заняпасьці; а з заняпадам мовы заняпаў і стары беларускі друк.
Адраджэньне новай літаратуры і разам з ёю беларускага друку пачалося ў першых гадох 19 стагодзьдзя. Прычыніліся да гэтага новыя, часта рэвалюцыйныя ідэі, якія прыходзілі да нас з Заходу ў часы напалеонаўскіх войнаў, а так-жа і пазьней, — і рабілі некаторыя зьмены ў паглядах і настроях грамадзянства, а асабліва моладзі, якая гуртавалася тады каля Віленскага Унівэрсытэту (1803—1832 г.г.) Шмат прычыніўся да адраджэньня нашай літаратуры і друку кірунак званы романтызмам, які разбудзіў любоў да народу і народнай творчасьці. Пад уплывай романтызму трацяць сваю сілу даўнейшыя пагляды на псэўдаклясычную літаратуру, якая не прызнавала „простых“ хвормаў і „простых“ моваў, але прабуджаецца ў грамадзянстве зацікаўленасьць мінуўшчыняй свайго краю і народу і разьвіваюцца краёвыя імкненьні.
У гэтым-жа часе паўстаюць на Усходзе Беларусі першыя творы новай беларускай літаратуры, як „Энэіда на выварат“, напісаная ў пачатку 19 ст. па прыкладу такога-ж твору ў украінскай мове — „Энэіды“ Катлярэўскага, паўстаюць у тым часе і першыя творы Яна Баршчэўскага — паэма „Рабункі мужыкоў“, верш „А чым жа твая, дзеванька, галоўка занята“ і іншыя. Гэты апошні верш, хоць зьяўляецца адным з першых твораў новай беларускай літаратуры (напісаны быў у 1809 г.), то аднак друкаваны быў у 1843 г. Таксама пазьней траплялі ў друк іншыя тагачасныя творы, як „Энэіда навыварат“, а паэма „Рабункі мужыкоў“ дайшла да нас толькі ў невялічкай частцы, запісаная ад народу ў неаднолькавых рэдакцыях і надрукаваная шмат пазьней у розных кніжках. Значыць, уся тагачасная беларуская літаратура чыталася ў рукапісах, а ў друку не паяўлялася.
Першай беларускай кніжыцай, якая выйшла з друкарні і зрабіла пачатак новага беларускага друку, ёсьць, як мы ўжо ўспаміналі, беларуская катахізмоўка з 1835 году. Дзеля гэтага яна становіць новую эру ў гісторыі беларускага друку.
„Летапіс Беларускага Друку“ (Менск, 1929 г.) пачынае свае бібліяграфічныя весткі аб новым беларускім друку ад даты выхаду гэтай кніжыцы, г. зн. ад 1835 году[3].
Пярэйдзем цяпер да разгляду самай кніжыцы.
Фармат яе невялікі: 15×10 цм., бачын мае 24. На першай бачыне загаловак у мове польскай: „Krótkie zebranie nauki chrześcijańskiej dla wieśniaków mówiących językiem polsko-ruskim wyznania rzymsko-katolickiego“. Wilno, w drukarni dyecezalnej, 1835.
На другой бачыне знаходзіцца духоўная апрабата такога зьместу: „Roku 1835. dnia 5 Czerwca w Wilnie. Ten krótki Katechizm, zawiera w sobie naukę zdrową i dla prostaczków pożyteczną. Biskup Rządzący Dyecezyą Wileńską Orderów Kawaler Jędrzej Benedykt Kłągiewicz“. Пад гэтым зараз маем яшчэ і дазвол расейскай цэнзурьі: „Pozwolono drukować. Wilno 12. Czerwca 1835. roku. Cenzor P. Kukolnik[4]. Зьмест кніжыцы такі: на бачынах 3—15 зьмешчаны каталіцкія катахізмы ў беларускай мове; на бачынах 15—18 пацеры — папольску; на бачынах 19—24 малітвы (акты веры, надзеі і любові, ахвяраваньне сьв. Імшы і песьня: О мой Божа, веру табе) ізноў пабеларуску.
Загаловак кніжыцы, як мы ўжо бачылі, трохі задаўгі і ў сваім зьмесьце для сучасных можа нават незразумелы. Перадусім кідаецца ў вочы, што пададзены ён у мове польскай, а прыгэтым нашу мову называе „językiem polsko-ruskim“. Чаму так сталася? Адказаць на гэтае пытаньне, ня маючы адносных з таго часу дакумантаў, даволі трудна. „Chryścijanskaja Dumka“ (№ 9 r.r.), пішучы ў гэтай справе, кажа, што назваць уласным імем беларускую мову ў выдаўца (аўтара) або ня было адвагі, або ня было належнага зразуменьня, пры гэтым „Chr. D.“ робіць заўвагу, што яшчэ і сягоньня многія палякі як украінскую мову, так і беларускую любяць называць рускаю“. Здогад „Chr. D." нам выдаецца трапны, але на наш пагляд трэба тут дапусьціць яшчэ адну гіпатэзу, а іменна, што тады ня было яшчэ агульна-прынятага назову адносна нашай мовы. Бо калі некаторыя тагачасныя пісьменьнікі (Баршчэўскі, Рыпінскі) выразна завуць яе беларускай, то іншыя (напр. Чачот) называе яе „крывіцкай“[5]. Аўтар катахізмоўкі, дзеля няведамых прычын, назваў яе „польска-рускай“. Але справа не ў назове, а ў характары самой мовы, а мова гэта, трэба прызнаць, чыстая беларуская. Здараюцца аднак словы польскія, якіх аўтар, відаць, ня мог ці не хацеў заступіць беларускімі, напр. nayświętszy, poświęcenia; ёсьць крыху і расейскіх, напр. прасьціж, Істынному, тот, прінімалі; ёсьць і формы расейскія, напр. стыдзясь, бажась; але наагул бяручы, як мы ўжо казалі, мова ў катахізмоўцы чыстая беларуская. Возьмем для прыкладаў пару мясцоў:
Jak nas adkupiu Syn Božy? Astauszy się czaławiekam sam siebie addau na ciažkie muki i na kryžu umior cierpiuczy i pakutujuczy za naszyie hrechi. Hdzie ciapier iość Syn Božy? U Niebie na praway ruce Boha Atca i u Najświętszym Sakramencie, to jest. u naszey Kamunii...
Czyž takim sposabam jość Pan Jezus u nayświętszym Sakramencie, jak u niebie pa praway ruce Boskiey? Nie ni takim sposobam, bo ŭ nayświętszym Sakramencie ukryty, a u Niebie nie ukryty. A czy jość u światoy Kamunii chleb? Nie, nietuci, ni troszki chleba, no tolki znak chleba bielaść, kruhlaść i smak...
Szto jość hrech? Hrech jest dabrawolnoje prestuplenie prykazania Božaho albo cerkownaho...
Wieru szto Boh jość adzin u Troycy Światoy Boh Aciec, Boh Syn, Boh Duch Światy — try asoby adzin Boh. Wieru szto Pan Boh jość sprawiedliwy dobrym dajeć Nieba, a złych wiecznym piekłam karaić. Wieru szto Syn Božy druhaja asoba Troycy Światoy Jezus Chrystus dla naszaho zbawienia naradziusia z Maryi Dziewicy i umuczany umior na kryžu, wieru szto u Prenayświętszym Sakramencie jość praudziwaje cieła i krou Jezusa Chrystusa, žywy Chrystus i praudziwy Boh. Wieru szto dusza ludzkaja jość nieśmiertelnaja. Wieru nakaniec usio toja, szto wieryć i uczyć cerkwa świataja Katalickaja Rymskaja i u etay wiery Bože moy chaczu žyć i umierać bo to ty Bože nieamylny tak abjaviu i wieryć prykazau.[6]
З гэтых прыкладаў відаць, што мова беларуская мае побач з славамі польскімі і расейскімі, словы ўсходніх (віцебскіх і магілёўскіх) беларускіх гаворак („нетуці“), так што трэба дагадвацца, што і аўтар гэтай катахізмоўкі быў родам адтуль. Дзеля таго, што сам біскуп Клонгевіч быў родам з Віцебшчыны, насоўваецца думка, ці ня ён сам быў аўтарам гэтай катахізмоўкі? А калі ня ён, то пэўне нехта з яго прыбліжаных. Але гэта можна было-б сьцьвердзіць толькі на падставе дакумантаў, якіх, нажаль, дастаць цяпер ня было магчымасьці.
(Аўтар гэтых радкоў, хочучы дасьледзіць прычыны і грунт, на якім паўстала гэтая катахізмоўка, а так-жа, хто быў аўтарам яе, хто выдаўцом, хто цэнзарам, пры якіх варунках і абставінах была дадзена духоўная апрабата, ці паміж выданьнем гэтай катахізмоўкі і пачаткам тагачаснага беларускага пісьменьніцтва была якая сувязь, — з гэтай мэтай адведаў Віленскую Арцыбіскупскую Курыю, просячы дазволу пераглядзець адносныя архіўныя дакуманты, але ў Курыі яму заявілі, што такіх дакумантаў няма, бо перад нямецкай акупацыяй яны былі вывезены ў Расею і дагэтуль ня вернены, як спорныя паміж Польшчай і Літвой. Дык асталося адлажыць досьледы над усімі нявыясьненымі пытаньнямі да лепшых часаў).
Катахізмоўка гэта — цяпер бібліяграфічная рэдкасьць. У Вільні, насколькі ведама, ёсьць два экзэмпляры: адзін у зборах „Беларускага Каталіцкага Выдавецтва“, падараваны туды некалькі гадоў таму кс. Ул. Талочкам, а другі — у беларускім Музэі ім. І. Луцкевіча. Першы экзэмпляр дайшоў да нашых рук дзякуючы кс. Язэпу Авіжонісу, як аб гэтым сьведчыць надпіс, зроблены алаўком на самай катахізмоўцы: Ex libris sacerdotis Josephi Avižonis[7]. Адзін экзэмпляр, як падае „Летапіс Бел. Друку“, знаходзіцца так-жа ў Бібліятэцы Ленінградзкага Унівэрсытэту.
Гэтулькі можна сказаць цяпер аб гэтай кніжыцы, якая пачала сабою новы друк. Спадзяёмся, што далейшыя досьледы выясьняць прычыны яе паўстаньня, яе аўтара, а так-жа той грунт, на якім яна ўзрасла.
- ↑ HI. W. Łastoŭski. Historyja Biełaruskaj (Kryŭskaj) knihi. 1926 h. str. 497—8.
- ↑ Голубевъ. Исторія Кіевской Академіи. т. I, стр. 198.
- ↑ „Летапіс Беларускага Друку“ пачаў выходзіць у Менску ад 1925 г. (цяпер „Летапіс Друку БССР“). Першы сшыток, які меў абыймаць старадаўныя беларускія друкі, дагэтуль ня выйшаў, другі сшыток (з 1929 г.) абыймае новыя бел. друкі ад 1835 да 1916 году, трэці — ад 1917 да 1924, чацьвёрты падае бел. пэрыядычны друк ад „Мужыцкай Праўды“ (1863 г.) да 1926 г. уключна.
- ↑ Знакі прыпынку, правапіс і курсыў так як на арыгінале.
- ↑ Гл. Piosnki wieśniacze z nad Niemna i Dźwiny. Wilno. 1846.
- ↑ Іншыя прыклады мовы ў гэтай катахізмоўцы гл. „Chr. Dumka“ № 9 г. г.
- ↑ З кніг ксяндза Язэпа Авіжоніса.
Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.