Спадчына (1922)/I/Праявы

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Жар ня згас Праявы
Верш
Аўтар: Янка Купала
1922 год
Апякуном
Іншыя публікацыі гэтага твора: Праявы.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПРАЯВЫ.

— Што за плач такі здаецца
Там на лузе, там на рэчцы,
Бы хто сьлёзы ліў паводкай?..
Ці то маці, ці сіротка?

— Гэта маці, маці плача
Над сынамі, ня іначай,
Што яе ў зямлю схавалі,
А сябе ў палон аддалі…

*

— Што за звон бражджыць, скрагоча,
Як-бы сьвет зьніштожыць хоча
І зьвясьці ў канец астатні?
Ці то божы, ці то братні?..

— Гэта путы-сковы звоняць
І дух вольны к нетрам клоняць,
Скрыгацяць свае літаньні,
На пагібель, на скананьне.

*

— Што за голас ходзіць, бродзіць,
Сказы дзіўныя заводзіць,
Ажно йдзе па целе шорах?
Ці то друг наш, ці то вораг?

— Гэта ходзіць кліч па полі
З прыкліканьнем к новай долі;
Пад вакнамі станавіцца
І заве, заве збудзіцца.

*

— Што за віхар закруціўся—
Ў зямлю ўрыўся, ў неба ўзьбіўся,
Бухнуў іскрамі пажару
На сялібы, на папары?

— Гэта бітва йдзе сусьветна
Між сьвятлом і апраметнай…
А хто ўскрэсьне, а хто ляжа…
Глянь на сонца—сонца скажа!

28/II—14 г.