Снапок (1910)/Грамафон

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Хрэзьбіны Ігналі Грамафон
Верш
Аўтар: Альберт Паўловіч
1910 год
Гэта-ж надта міла!..
Іншыя публікацыі гэтага твора: Грамафон (Паўловіч).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ГРАМАФОН

Склют Нупрэйс пад Шклянц, ці Вешэк — досыць, што нязблізку
Пехатой адведаць кума раз прыпёр да Мінску,
З вёскі дзікай, як воўк з лесу, ідзе ён знарокам,
Скрозь навокал разгледае, не міргне і вокам,
З задзівеньня рот разявіў і скрабе за вухам:
Ўсюды чыста, з дзьвярэй насьцеж цягне нейкім духам.
Йдзе, у вокны пазірае — ведама, цікавы —
І чаго ж ён там ня бачыў, Божэ мой ласкавы?!
Мяса, сала, хоць заешся, келбас тых без шчоту,
Проста сьлюны цякуць з губы, з’еў бы у ахвоту.
Там зноў шклянак, місак многа, скуль яны бяруцца:
Ўсе паліцы пазайманы, аж відаць, як гнуцца.
Як гаршкоў, дайніц ці ражэк — ўсякіх капялюшаў;
Іх уздзеўшы галавы-бы з мейсца не парушыў.
А гармонікаў і дудак, — хоць лічы на копы,
Барабаны больш за сіта, ёсць сусім як чопы.
Скрыпак рожнаго гатунку, — чэрці іх там знаюць!
Ёсць такіе, што (як чуў я) пальцэм калупаюць.
А то ёсць з вялікім пузам, як Хамы Матрона,
Ёй названьне не ўспомню — надта ўжо мудрона.
І зэгаркаў, як грыбоў тых ураджайным летам;
Хванаркі, як табакеркі, з аляктрычным сьветам.
Розных папак і пярсьцёнкоў (ёсць і ў дзесяць злоты),
А тут зноў, каб іх паляруш, з нейкім гзымсам боты.
Чэравікі ня больш — з хвігу, чорт іх хіба ўздзене,
Ў маіх портках — сабе мысьліць, — больш куды кішэня.
Во, сцікаўлены наш Нупры ў вокна пазірае,
З аднаго к другому пхнецца, так усё займае.
Не далёка й камяніца (Нупры распытаўся),
Гдзе ягоны кум; Мікіта, дворнікам застаўся.
Запрыкмеціў тую браму — празеваць баіцца,
А на вокнах ўся выстава у вачах мігціцца.
Проста воч не адарваці, хто за іх тут плаце?
Стаў, задумаўся — штоб было, каб мне ўсё багацьце?
Ды застыў, разінуў ляпу, у глыбокай думе,
Уляпіўшы ў вокны вочы, прызабыў аб куме.
Як пад то у магазыне (тут і кума брама)
Грамафон завёў хтось моцна: „о, ратуй-жэ, мама!“
Нупру здалося, што кум гдзесь з жонкай плача, енчэ;
Далі пан, іх хтось абодвых улавіў і дрэнчэ.
У адзін бок, у другі бок глянуў Нупры, слышэ,
Ды не сцяміць, гдзе-ткі мучаць — з жалю ледзьве дышэ.
Ён к вакну наставіў вушы; скрынка аж галосіць,
Нехта ў ёй заходзіць с плачу і ратунку просіць.
Нупры ў дзьверы, крык наробіў: „што за безгалоўе?
Каму, гады, вы ззяліся адымаць здароўе?“
Не чэкаўшы, вале ў морду і пачаў ўсіх трэсьці;
Скрыня сціхла, гвалт падняўся — ні папіць, ні зьесьці.
Даў бы Нупры яшчэ болей, бо за праўду ходзіць, —
Але, прах яго, дзесяцкі стаў за карк выводзіць!