Смяротнасць пры хірургічных захворваннях і змаганне з ёю/Пашкоджаньні грудзей

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Пашкоджаньні органаў жывата Смяротнасць пры хірургічных захворваннях і змаганне з ёю
Пашкоджаньні грудзей
Аўтар: Савелій Рубашоў
Пашкоджаньні селязёнкі


Пашкоджаньні грудзей.

У звычайных больнічных умовах пашкоджаньні грудзей сярод іншых захворваньняў займаюць параўнаўча вялікае месца. Калі ня лічыць устаноў, куды зусім не пападаюць траўматычныя выпадкі (як напр., клініка Дзьяканава), дык земскія больніцы мелі 50-58 проц. пашкоджаньняў грудзей (Елецкая, Тамбоўская), а Інстытут імя Скліфасоўскага нават 71 проц.

Сярод траўматычных пашкоджаньняў наогул, пашкоджаньні грудзей займаюць, як відаць, 3-4 месца, і здараюцца радзей толькі за пашкоджаньні канцавін і галавы. Пашкоджаньні гэтыя — вытненьні, параненьні і зломы рэбраў; значэньне іх залежыць ад пашкоджаньняў унутраных органаў — лёгкіх і (радзей) сэрца.

Большасьць пашкоджаньняў грудзей зьяўляюцца непранікальнымі, або калі і пранікальнымі, дык параўнаўча ня цяжкімі. Пашкоджаньні грудзей даюць наогул невялікі процант сьмяротнасьці, які вагаецца ад 0,5 проц. да 13 проц.; толькі ў Інстытуце імя Скліфасоўскага я сустрэў 18 проц. і гэта, зразумела, таму, што там мы маем вялікі процант агнястрэльных параненьняў.

Я меў на 59 выпадкаў пашкоджаньняў грудзей наогул — 6 сьмярцей, г. зн. 11 проц., на 36 непранікальных параненьняў — ніводнай сьмерці, на 23 пранікальныя параненьні — 6 сьмярцей, г. зн. 25 проц. Оратор (1930 г.) вылічыў процант сьмяротнасьці пры пашкоджаньнях лёгкага — у 18. Натуральна, што ў больніцу з пашкоджаньняў грудзей накіроўваюцца найбольш цяжкія выпадкі, і гэтым тлумачыцца тое, што на агульную колькасьць пашкоджаньняў грудзей процант сьмяротнасьці невялікі (да 3 проц.), а процант сьмяротнасьці сярод больнічных выпадкаў — большы.

Грудная клетка Лік выпадкаў Опэрацый Сьмярцей
зломы рэбраў 13 - -
" ключыцы 5 1 -
параненьні 13 1 -
агнястрэльныя параненьні 5 1 -
Грудныя органы
вытненьне лёгкіх са зломам рэбраў 1 - 1
агнястрэльныя параненьні 9 1 3
колатыя раны 13 3 2

Пра параненьні сэрца ня прыходзіцца гаварыць. Пасьля параўнаньня раду лічбаў, мы павінны аднесьці лячэньне параненьня сэрца да значных заваёў сучаснай хірургіі.

Эдуард Хрысціянавіч ІкавіцІкавітц дае такія лічбы:

1) выпадкі параненьняў сэрца, не падлягаючыя опэрацыі з прычыны цяжкасьці сваёй - 268 - 88 проц. сьмяротнасьці; 2) выпадкі больш лёгкія, але не опэраваныя - 83 проц. сьмяротнасьці; 3) выпадкі опэраваныя - 51 проц. сьмяротнасьці.

Рэн да 1911 г. лічыў сьмяротнасьці пры опэрацыях сэрца роўнай 60 проц., Гессе пасьля 1911 г. - 53 проц. сьмяротнасьці. Найлепшае ўяўленьне пра посьпехі хірургіі ў гэтай галіне дае табліца Джанелідзе:

Гады Абсолютны лік опэрацый Проц. сьмяротнасьці
1896-1900 40 70
1901-1905 131 69,5
1906-1910 163 54,6
1911-1915 140 43,6
1916-1921 61 49,2
Заўэрбрух меў на 12 выпадкаў агнястрэльных параненьняў сэрца - 6 сьмярцей - 50 проц. Клёзэ налічвае на 32 операцыі 31,3 проц. сьмяротнасьці. Але разам з тым пры 24 выпадках, лечаных вычакальна, ён меў сьмяротнасьць у 37,5 проц.

Думаю, што агульную сьмяротнасьць пры параненьнях сэрца трэба лічыць да 80 проц., сьмяротнасьць-жа опэраваных выпадкаў трэба ацэньваць у 50 проц.

У мяне ў клініцы быў 1 выпадак параненьня сэрца, пасьля опэрацыі хворы паправіўся.

Мой процант сьмяротнасьці (25 проц.) пры параненьні грудных органаў (лёгкіх), як відаць, набліжаецца да процанту Лаўрова, вылічанага ім на падставе 257 выпадкаў - 23 проц.; Бушуеў на 260 выпадкаў меў 17 проц. сьмяротнасьці. Пры гэтым трэба заўважыць, што найбольшы процант сьмяротнасьці даюць агнястрэльныя параненьні; так, паводле даных Лаўрова, параненьні халоднаю зброя даюць 8 проц., а агнястрэльныя - 37 проц. Мае назіраньні супадаюць з гэтым: пры агнястрэльных параненьнях на 9 выпадкаў у мяне было 3 сьмерці, г. зн. 33 проц., пры колата-рэзаных ранах - 15 проц., Гольдберг меў пры агнястрэльных параненьнях - 37 проц. сьмяротнасьці.

У маіх выпадках ад параненьняў памерла 5 чалавек без опэрацыі, іх сьмерць павінна быць прыпісана цяжкасьці параненьня: і вытненьне грудзей са зломам рэбраў, 2 агнястрэльныя параненьні; 2 колатыя раны з параненьнем пэрыкарда, прычым у аднаго хворага было яшчэ параненьне страваходу і лёгкіх, і памёр таксама пры цяжкім параненьні лёгкага і пэрыкарду; ня глядзячы на тое, што была зроблена опэрацыя.

Заўэрбрух меў на 184 выпадкі параненьняў лёгкіх 31 сьмерць, што дае - 17 проц. сьмяротнасьці, пры наяўнасьці ўсіх даступных у бягучы час тэхнічных сродкаў змаганьня з пнэўмотораксам і г. д.

Калі ўзяць пранікальныя раны лёгкіх у іншых статыстыках дык тут мы маем такія лічбы: у лёгкіх выпадках - 0,6 проц.; у больш цяжкіх - ад 33 проц. да 54 проц.

Трэба зноў падкрэсьліць вялікую небясьпеку адначасовага параненьня грудзей і жывата ў іх гранічнай зоне, пры якім звычайна бывае параненьне дыяфрагмы. У Заўэрбруха на 19 такіх хворых памерла 13 чалавек, г. зн. амаль 70 проц.

Шмат хто спрабаваў сьцьвярджаць, што можна дабіцца значнага зьмяншэньня процанту сьмяротнасьці пры параненьнях лёгкіх, шляхам тэрміновага опэрацыйнага ўмяшаньня.

Пытаньне пра актыўнае ўмяшаньне пры параненьнях лёгкага пакуль што ня можа быць разьвязана ў сэньсе абсолютных паказаньняў — опэраваць усіх, як мы гэта робім на жываце. Ва ўсякім разе, такога заключэньня нельга зрабіць на падставе зьмешчаных ніжэй лічбаў.

На самай справе Грэкаў дае гэткія лічбы: на 204 пранікальных параненьняў — 160 выпадкаў консэрватыўнага лячэньня далі 0,6 проц. сьмяртнасьці і 44 — опэраваныя — далі сьмяротнасьць 54 проц. Гарэ пры консэрватыўным лячэньні вывеў процант сьмяротнасьці ў 38-40 проц., а Стуккей на 29 опэраваных выпадкаў меў 33,3 проц. сьмяротнасьці. Бушуеў на 260 выпадаў зазначае 17 проц. сьмяротнасьці пры консэрватыўным лячэньні і 30 проц. — пры актыўным умяшаньні.

Зразумела, гэтыя лічбы патрабуюць паправак: опэрацыя робіцца ў цяжкіх выпадках, ня робіцца ў лёгкіх. Ужо гэта акалічнасьць, правільна ўлічаная, значна зьмяняе малюнак. Наяўнасьць спосабаў пнэўмопрэсіі таксама ўводзіць значны фактар у справу опэрацыйнага лячэньня і таму трэба трымацца таго погляду, што рад цяжкіх пашкоджаньняў лёгкага падлягае пры пэўных паказаньнях опэрацыйнаму лячэньню.

Трэба зазначыць на яшчэ адно пашкоджаньне, якое дае вялікую сьмяротнасьць: вытненьні лёгкіх пры цяжкіх контузіях і сьцісках грудзей. Процант сьмяротнасьці пры іх набліжаецца да 40-50 проц.