Смэрды
← «Прага», «прога» | Смэрды Артыкул Аўтар: Вацлаў Ластоўскі 1924 год Крыніца: Часопіс «Крывіч», № 2 (8), красавік-сьнежань 1924 г., б. 107 |
Першая кніжка аб піве → |
СМЭРДЫ. Варажскія заваяванні на усходнай славяншчыне замацаваліся прыняцьцем хрысяціянства. Візантыйскія абсолютыстыйныя формы і аўрэоля пашырыцеляў хрысьціянства на славянскім усходзе ператварылі простых заваёўнікаў у апосталаў хрысьціянства. На усходнай славяншчыне да хрышчэньня ведама была „варажская“ і „нямецкая“ вера, якую прыносілі з сабой Варагі з заходу; новае хрысьціянства усходнага абраду заслыло тут пад найменьнем „веры рускай“, г. зн., тэй веры, якую прынялі і шырылі русы. Гэту „рускую веру“ прышчаплялі Варагі галоўна вярхом заваяванага ўсходна-славянскага грамадзянства, ператвараючы яго з мяйсцовых пляменных старшын у „русаў“. Усё, што было хрысьціянскім, было варажскім, было „рускім“. Усё, што было мяйсцовым (славянскім), сталася паганскім, нячыстым, сьмярдзючым, пагарджаным. Сялянства для гэтых „рускіх вярхоў“, якія тварылі ўладу разам з Варагамі, было да XIV ст. смэрдамі. Пад іменьнем „Русін“, „Рускі“ разумеліся князі, баяры, духавенства, купцы, пад іменьнем „смэрды“, шырокія народныя масы. Імя „смэрд“ да XIV стг. заменяла імя „селянін“, усюды, дзе разпасьцягалася ўлада дынастыі русаў. І толькі, пасьля замены гэтай дынастыі іншымі дынастыямі, мяйсцовае жыхарства пачынае бараніцца ад крыўднага эпітэту „смэрд“ праз суды. Такую судовую справу за называньне „смэрдам“ прыводзіць Даніловіч („U skarbcu“, том II, 287); другая падобная справа ведама з львоўскіх актаў 1440 і 1443 г. (Akta grodzkie i ziemskie, XIV).
У свой чарод, са зменай дынастыі, або адыходу якой зямлі пад другое панаваньне, найме „Русь“, „Русін“ пачынае зыходзіць да значэньня селяніна. Гэтак у Бельскім прывілею 1501 г. слова „Русін“ азначае „селянін, мужык“, а слова „паляк“ роўназначна—„земянін, памешчык“. Для прыкладу прыводзім выпіскі з гэтага прывілею: „кды бы нѣкоторый съ земянъ былъ обвиненъ презъ Русина; естли бы нѣкоторый Русинъ позвалъ поляка; Русиновѣ земянъ нагабали, Русином на ся жалуючимъ“.
Ц. Л.