Слова аб палку Ігаравым (1938)/Уступ
Вялікі помнік сусветнага мастацтва Літаратуразнаўчая праца Аўтар: Міхаіл Дабрынін 1938 год |
Песня аб паходзе Ігаравым, Ігара, сына Святаслаўлева, унука Олегава → |
ВЯЛІКІ ПОМНІК СУСВЕТНАГА МАСТАЦТВА
Праф. М. Дабрынін
(ДА 750-ГОДДЗЯ «СЛОВА АБ ПАЛКУ ІГАРАВЫМ»)
былінным гераічным эпасе рускага народу найбольш поўна і маляўніча адлюстравана барацьба Русі за сваю самастойнасць і незалежнасць. Вобразы рускіх багатыроў — Ільі Мурамца, Дабрыні Нікіціча, Алёшы Паповіча і іншыя — надзвычай яскрава адлюстроўваюць адносіны шырокіх народных мас да карэнных пытанняў жыцця ў старажытнасці. А. М. Горкі надзвычай правільна сфармуляваў думку пра адносіны народнай паэзіі да рэчаіснасці, да гісторыі. «Ад глыбокай старажытнасці фальклор неадступна і своеасабліва спадарожнічае гісторыі. У яго свая думка пра дзейнасць Людовіка XI, Івана Грознага, і гэтая думка рэзка адрозніваецца ад ацэнак гісторыі, напісанай спецыялістамі, якія не вельмі цікавіліся пытаннямі аб тым, што іменна ўносіла ў жыццё працоўнага народу барацьба манархаў з феадаламі»[1]. М. Горкі сцвярджае, што «сапраўдную гісторыю працоўнага народу нельга ведаць, не ведаючы вуснай народнай творчасці, якая безупынна і пэўна ўплывала на стварэнне такіх буйнейшых твораў кніжнай літаратуры, як, напрыклад, «Фауст», «Прыгоды барона Мюнхгаузена», «Гарганцюа і Пантагруэль», «Тыль Уленшпігель» дэ Костэра, «Вызвалены Праметэй» Шэлі і шмат іншых»[2]. Гэтая думка настолькі глыбокая, што павінна стаць метадалагічным прынцыпам пры аналізе гісторыка-літаратурных фактаў.
Нам вядома, што ў творах фальклора адлюстраваліся спадзяванні і погляды народныя, якія павінны былі сказацца і на тых творах пісьменства, на якія ўплываў фальклор. Так яно і ёсць. Якраз таксама як у рускім гераічным эпасе адлюстраваліся лепшыя рысы народу, стварыліся стойкія, мужныя, гераічныя характары, так і ў звязаных з эпасам творах пісьменства адлюстравалася гераічнае мінулае нашага народу. Гэта асабліва правільна ў адносінах да помнікаў старажытнасці той пары, калі не было яшчэ глыбокага разрыву паміж фальклорам і пісьменствам.
З помнікаў пісьменства, найбольш цесна звязаных з фальклорам і найбольш яскрава адлюстроўваючых гераічную барацьбу рускага народу, з‘яўляецца «Слова аб палку Ігаравым».
Знешняя гісторыя помніка
Цаніцель літаратуры і збіральнік старых помнікаў пісьменства граф Мусін-Пушкін у 1795 г. набыў у Яраслаўлі рукапісны зборнік. У ім аказаліся: 1) «Книга глаголемая Гранаграфъ» (хранограф), 2) «Временник, еже нарицается летописаніе Русскихъ Князей и земля Рускыя», 3) «Сказаніе о Индіи богатой», 4) «Синагрипъ Царь Адоров, Иналивскія страны», 5) «Слово о плъку Игореве, Игоря Святьславля, внука Ольгова», 6) «Деяніе прежнихъ временъ храбрыхъ человекъ о бръзости, и о силе, и о храбрости», 7) «Сказаніе о Филипате, и о Максиме, и о храбрости ихъ», 8) «Аще думно есь слышати о свадебе Девгееве, и о изъхыщеніи Стратиговне». Іншымі словамі кажучы, зборнік уключаў хранограф, рускі летапіс, сказанне аб Індыі багатай (сярэдневяковую утопію), аповесць аб «Акире премудром», «Слово о полку Игореве» і «Девгениево деяние».
Цікавы зборнік быў уключан Мусіным-Пушкіным у яго маскоўскую бібліятэку, а са «Слова аб палку Ігаравым» была зроблена копія для Екацерыны II, якая (копія) захавалася да нашага часу. Задумаўшы выдаць зборнік, Мусін-Пушкін запрасіў у якасці памочнікаў Бантыш-Каменскага і Маліноўскага, якія прачыталі «Слова», зрабілі пераклад і падрыхтавалі выданне. У 1800 годзе ён вышаў пад такім загалоўкам: «Ироическая повесть о походе на половцев удельного князя Новгорода Северского Игоря Святославича, писанная старинным русским языком в исходе XII столетия с переложением на употребляемое ныне наречие», Масква, у Сенатарскай друкарні, 1800.
У 1812 годзе, у час прыходу французаў у Маскву, бібліятэка Мусіна-Пушкіна згарэла і разам з ёю загінуў арыгінал, з якога знімалася копія для Екацерыны і рабілася выданне 1800 года.
Такім чынам мы не маем нават таго рукапіснага экземпляра, які быў у распараджэнні Мусіна-Пушкіна і які, як мяркуюць даследчыкі, быў не аўтарскім арыгіналам, не рукапісам XII ст., а пазнейшым спіскам XV—XVI ст. Не гледзячы на гэта, страта спіска Мусіна-Пушкіна з’яўляецца вялікай стратай, бо ніякія выданні не могуць замяніць яго.
Рад даследчыкаў справядліва дапускаюць, што страчаны спісак быў напісан у Пскоўскай вобласці і на ім адбіліся рысы пскоўскага дыялекта: «луци» заместа «лучи», «шызый» заместа «сизый» і г. д. Выданне Мусіна-Пушкіна і копія Екацерыны з’яўляюцца тымі тэкстамі, з якіх пачалося вывучэнне. Але з тае прычыны, што навука ў той час была вельмі маладая і метады яе вывучэння былі даволі слабыя, то ў выданне 1800 г. укралася вельмі многа памылак, цёмных месц, няяснасцей, скажэнняў. Акад. А. Орлоў указвае на дапушчаныя першымі выдаўцамі памылкі. Напрыклад, у пунктуацыі, надрукавана: «Долго. (кропка) Ночь меркнет». А трэба: «Долго ночь меркнет». Надрукавана: «сведоми къ мети», з перакладам «в цель стрелять знающи», а трэба «сведоми къмети», г. зн. спрактыкаваныя воіны.
Або, напрыклад, надрукаванае ў выглядзе чатырох слоў: «мужа име ся», з перакладам «мы-де сами», у сапраўднасці ёсць адно слова, значыць: «мужаемся» і г. д. (Гл. ак. А. Орлоў, Старажытная руская літаратура XVI—XVII ст. М. Л. 1937, стар. 123—126.) Наступным пакаленнем вучоных, аж да нашых дзён, удалося шмат што аднавіць, зразумець сапраўдны тэкст і сэнс помніка. Цікавасць да «Слова аб палку Ігаравым», гэтага найвялікшага паэтычнага твора сусветнай літаратуры, не аслабляецца на працягу больш за гадоў. У выніку гэтага з’явілася багацейшая крытычная літаратура, агляд і аналіз якой станавіў-бы сабой выключную цікавасць.
Змест „Слова аб палку Ігаравым“
Пачынаецца «Слова» ўступам, у якім аўтар звяртаецца да чытача з прапановай сказаць старынным складам воінскіх аповесцей або старымі словамі ратных аповесцей аб паходзе Ігаравым, Ігара Святаславіча. Але як спяваць гэтую песню? Спяваць яе аўтар хоча, апіраючыся на дзею гэтага часу, а «не па замышленню Баянаву». Гэты стары вешчы пясняр, калі збіраўся тварыць, «то расцякаўся думкаю па дрэву, шэрым воўкам па зямлі, шызым арлом пад аблакамі». Ён ускідваў свае вешчыя пярсты на жывыя струны, і яны самі князям славу ракаталі.
Аўтар пракланяецца перад паэтычнай сілай, перад фантазіяй вешчага Баяна, але ў аснову свайго твора ён хоча пакласці сапраўдную гістарычную падзею. Далей аўтар расказвае аб тым, як Ігар, набраўшыся баявога духу, павёў свае храбрыя палкі на палавецкую зямлю за зямлю рускую. У гэты час здарылася сонечнае зацменне, але яно не спыніла Ігара. Паглядзеўшы на сонца, ён сказаў дружыне сваёй: «Браты і дружына! Лепей ужо забітым быць, чым паланёным быць. Сядзем, браты, на сваіх борзых коней, ды паглядзім сіняга Дона». Палкае жаданне паглядзець Дона вялікага засланіла яму азнаку: «Хачу, сказаў ён, кап’ё праламіць на канцы поля Палавецкага; з вамі, рускія, хачу галаву сваю злажыць або напіцца шлемам з Дона». Ізноў аўтар успамінае Баяна, кажучы аб тым, як-бы той апеў паход Ігара, яго храбрыя палкі.
Цікавы прыём адступлення яшчэ яскравей адцяняе паэтычныя прыёмы, талент Баяна і аўтара і пракланенне апошняга перад першым. Ігар чакае свайго брата Всевалада. «І казаў яму буйны тур Всевалад: «Адзін (ты ў мяне) брат, адзін свет светлы (у мяне) ты, Ігар! Абодва мы Святаславічы. Сядлай, брат, сваіх борзых коней, а мае ўжо гатовы, асядланы даўно ля Курска. А мае куране — выпрабаваныя ўдальцы: пеленалі іх пад гукі (ваенных труб), калыхалі пад шлемамі, кармілі кончыкамі коп’яў; дарогі ім вядомы, яры ім знаёмы; лукі ў іх нацягнуты; калчаны адкрыты, шаблі адточаны, а самі скачуць, як шэрыя ваўкі ў стэпе, шукаючы сабе гонару, а князю славы». Ігар ступае ў залатое стрэмя і едзе па чыстаму стэпу. Уся прырода прадказвае яму няшчасце, «ужо бяда яго гоніць птушак па дубах; ваўкі навальніцу навываюць па ярах; арлы клёкатам на косці звяроў клічуць; лісіцы брэшуць на чырвоныя шчыты». Але рускія далёка зайшлі ў стэп, што аўтар адзначае рэфрэнам: «О, Руская земле! уже за шеломянемъ еси!» (О, Руская зямля, ужо за курганам ты!). У пятніцу раніцой патапталі яны паганыя палкі палавецкія і, «рассыпаўшыся стрэламі па стэпу, захапілі багатую здабычу. У стэпе асталіся начаваць». «Дрэмле ў стэпе храбрае гняздо Олега. Далёка заляцела яно!» На другі дзень зноў зацменне, «чорныя хмары з мора ідуць, хочуць закрыць чатыры сонца, а ў іх бліскаюць сінія маланкі. Быць грому вялікаму! Ісці дажджу стрэламі з Дона вялікага!» Здзіўляючая па сваёй сіле паэтычная карціна, прадказваючая пагібель Ігарава войска і яго спадвіжнікаў. У прыродзе адчуваецца бяда, паражэнне няўхільна, але выйсця няма. Адсюль туга, смутак, непазбыўны сум. Лірызм аўтара праступае надзвычай выразна, ды ён і не скрывае свайго настрою. «Зямля гудзе, рэкі мутна цякуць, пыл поле пакрывае. Сцягі гавораць: полаўцы ідуць ад Дона і ад мора; і з усіх бакоў рускія палкі абступілі». Рысуючы карціну сутычкі рускіх з полаўцамі, аўтар маляўніча паказвае храбрасць і непераможнасць ярага тура Всевалада, які да таго захапляўся барацьбой, што ўсё забываў, «гонар і жыццё, і горад Чэрнігаў, бацькаўскі залаты прастол і сваёй мілай супругі, красуні Глебаўны, любоў і ласку!» Пераходзячы да карціны паражэння Ігара, аўтар адцяняе сумныя вынікі паходу Ігара ўспамінам усобіц рускіх князёў. «Тады пры Олегу Гарыславічу засяваліся і раслі усобіцамі, гінулі здабыткі Дажджбожага ўнука; у княжых раздорах век людскі скарачаўся. Тады па Рускай зямлі рэдка аратыя пераклікаліся, але часта крумкачы каркалі, трупы паміж сабой дзелячы; а галкі сваю гутарку гаварылі, жадаючы ляцець на корм. То было ў тыя баі і ў тыя паходы, але такога бою не чувана».
Далей ідзе цікавейшая паэтычная карціна бітвы. «Чорная зямля пад капытамі касцямі была засеяна і кроўю паліта: горам узышлі яны на Рускай зямлі… Біліся дзень, біліся другі, на трэці дзень к поўдню палі сцягі Ігаравы. Тут браты разлучыліся на беразе быстрай Каялы; тут крывавага віна не хапіла; тут пір скончылі храбрыя рускія: сватоў напаілі і самі паляглі за зямлю Рускую. Нікне трава ад жаласці, і дрэва са смуткам да зямлі нахілілася».
«Вось ужо, браты, невясёлы час прышоў, пустыня ўжо сілу прыкрыла!» Далей ідзе карціна вынікаў паражэння Ігара — нелады паміж князямі, якія губілі рускую зямлю, аслабляючы яе і адкрываючы вароты полаўцам. Смутак узмоцнен плачам княжых жонак. «Ужо нам сваіх мілых мужоў ні мысляй памысліць, ні думаю здумаць, ні вачамі ўбачыць, а золата і срэбра зусім (на сабе) не на́шываць». І застагнаў, браты, Кіеў ад смутку, а Чэрнігаў ад нягод. Туга разлілася па ўсёй Рускай зямлі, смутак глыбокі пацёк сярод зямлі Рускай». Так глыбока лірычна, эмацыянальна перадае аўтар свае перажыванні з поваду паражэння Ігара. Затым падзеі з палавецкага стэпу пераносяцца ў Кіеў. Сувяззю служыць разважанне аўтара пра перамогу вялікага князя Святаслава над полаўцамі. Звініць слава Святаслава, дакараючы Ігара, «што пагрузіў багацце на дно каялы, ракі палавецкай. Тут Ігар князь перасеў з сядла залатога ў сядло раба. Засумавалі па гарадах сцены, а вясёласць панікла».
Далей дзея пераносіцца ў Кіеў. Вялікі Кіеўскі князь Святаслаў сніць смутны сон у Кіеве на горах: «У гэтую ноч, казаў ён, з вечара надзявалі мяне на цясовым ложку чорным пакрывалам; чэрпалі мне сіняе віно, змешанае з горыччу; сыпалі мне на грудзі парожнымі калчанамі паганых іназемцаў буйны жэмчуг і лашчылі мяне. Ужо дошкі ў маім златаверхім цераму без князька. Усю ноч з вечара шэрыя вораны каркалі ля Плеснеска; на лузе былі лясныя змеі і паўзлі да сіняга мора».
Баяры растлумачваюць Святаславу яго сон, кажучы аб тым, што гора розум паланіла, што два сокалы зляцелі з бацькаўскага залатога прастола. Гэтым сокалам шаблямі крыллі падрэзаны і самі яны аблытаны сілкамі жалезнымі. Тады вялікі Святаслаў выраніў залатое слова, са слязамі змяшанае. У залатым слове Святаслаў дакарае Ігара і Всевалада за іх сепаратнае выступленне, за іх жаданне адным падзяліць славу і затым заклікае рускіх князёў пастаяць за зямлю рускую, за раны Ігара. Святаслаў звяртаецца да Рурыка і Давіда, да Галіцкага Яраслава Осмомысла, да Рамана, Мстыслава, Інгвара, Всевалада і ўсіх трох Мстыславічаў і г. д.
«О, стагнаць рускай зямлі, успамінаючы былы час і былых князёў! Таго старога Владзіміра нельга было прыгваздзіць да гор кіеўскіх». Далей ідзе плач Яраслаўны, жонкі Ігара, якая звяртаецца з дакорам і заклікам да ветру, сонца, Дняпра, дапамагчы яе мужу, яго войску, знемагаючым у стэпе. Пасля плачу паказана карціна ўцёку Ігара з палону, яго прабыванне ў стэпе, пагоня полаўцаў і разважанні Гзы з Канчаком пра ўцякацтва Ігара. «Князя Ігара няма! Клікнуў. Загудзела зямля, зашумела трава, шатры палавецкія закалыхаліся. А Ігар князь паскакаў гарнастаем да камыша і белым гогалем на ваду. Кінуўся на борзага каня і саскочыў з яго белым воўкам». Так аўтар паказвае ўцёкі Ігара, якога Данец «калыхаў на хвалях, пасцілаў яму залатую траву на сваіх сярэбраных берагах, апранаў яго цёплымі туманамі пад засенню зялёнага дрэва; пільнаваў яго гогалем на вадзе; чайкамі на плынях; чарнядзьмі на вятрах».
Полаўцы арганізуюць пагоню за Ігарам. «Па сляду Ігараву едзе Гза з Канчаком». Кажа Гза Канчаку: «Калі сокал (г. зн. Ігар) да гнязда ляціць, сакалёнка (г. зн. сына Ігара Владзіміра) мы расстраляем сваімі залачонымі стрэламі». Кажа Канчак Гзе: «Калі сокал да гнязда ляціць, сакалёнка мы аблытаем прыгожай дзяўчынай». І сказаў Гза Канчаку: «Калі мы аблытаем яго прыгожай дзяўчынай, то ў нас не будзе сакалёнка, ні ў нас прыгожай дзяўчыны, і пачнуць нас птушкі біць у полі Палавецкім».
Далей аўтар паказвае радасць зямлі рускай з поваду звароту Ігара з палону і канчае абвяшчэннем славы князям і дружыне, якія вядуць «барацьбу за хрысціян супроць паганых палкоў! Князям слава і дружыне!»
Такі кароткі змест «Слова».
„Слова аб палку Ігаравым“ і сучаснасць
«Слова аб палку Ігаравым» належыць да тых помнікаў старой рускай літаратуры, якія да нашых дзён захоўваюць сваё эстэтычнае значэнне. Яно дарагое нам не толькі як яркі гістарычны помнік, не толькі як твор, які раскрывае нам інтарэсы, погляды, густы XII стагоддзя, але як вялікая мастацкая каштоўнасць; яно не толькі сродак пазнання навакольнай рэчаіснасці, але і велізарная мастацкая каштоўнасць. Мастацкія вартасці твора кідаюцца ў вочы. Сучаснага чытача хвалюе сіла вобразнай мовы, глыбіня і шырыня гістарычнага абагульнення, выразнасць і яснасць кампазіцыі, маляўнічасць і рэльефнасць вобразаў, цудоўная музычнасць, глыбіня і маляўнічасць пейзажа і г. д. Эстэтычнае ўражанне, якое робяць на сучаснага чытача гэтыя элементы ў паасобку, павялічваецца ў многа раз дзякуючы таму, што «Слова» становіць сабой арганічнае адзінства, асаблівы свет, дзе ўсё законамерна, усё псіхалагічна апраўдана.
У вядомай музычнай апрацоўцы А. П. Барадзіна «Слова» жыве як опера «Князь Ігар» на сцэне совецкіх тэатраў. Першы раз опера Барадзіна была пастаўлена 23 кастрычніка 1890 года на сцэне Марыінскага опернага тэатра ў Пецербургу. У Маскве ў Вялікім тэатры яна ішла першы раз 19 студзеня 1898 года. Усякі, хто слухаў гэтую оперу, мае магчымасць меркаваць, наколькі моцнае ўражанне робіць «Слова аб палку Ігаравым» у музычнай апрацоўцы Барадзіна. Тут мы назіраем адзінства, калі музычны тэкст твора атрымлівае адпаведную музыку кампазітара.
У заключэнне падкрэслім яшчэ раз аб’ектыўны сэнс гэтага твора. Незалежна ад імкнення і сімпатый аўтара, яно з’яўляецца прыгожым помнікам, адлюстроўваючым барацьбу рускага народу за сваю культуру, сваю самастойнасць і незалежнасць. Яно паказвала, у чым слабасць рускіх, і вучыла іх перамагаць гэтыя слабасці; яно асуджала сепаратызм і заклікала да аб’яднання; яно падкрэслівала пагібельнасць раздораў, што цяжка адзываліся на народных масах, якія ўрэшце і з’яўляліся творцамі гісторыі. З гэтага пункту гледжання «Слова аб палку Ігаравым» з’яўляецца геніяльным народным творам, геніяльным творам рускага народу. Гэта выключны твор, і мы, не баючыся пераўвелічэння, скажам: «Слова аб палку Ігаравым» не толькі вялікі помнік рускай літаратуры, але гэта найвялікшы твор сусветнай літаратуры, сусветнага мастацтва.