Перайсці да зместу

Скошаны луг

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Скошаны луг
апавяданне
Аўтар: Цішка Гартны
Крыніца: Наша Ніва, 1909, №31-32

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Ахвярую І. Кап-у

Вось скошаны луг! Сумна, нудна глядзіць ён на суседні цёмны лес, на памежнае, засеянае ярыной поле, на сіняе, чыстае неба. Здаецца, плача ён!.. Увесь ён здратаваны, збруджаны, збясчэшчаны... Дзе ні паглядзі, - быццам гнілыя, хмурныя, заваліўшыеся хаткі вёскі, параскіданы копы сена... Непрыглядна глядзець, маркотна...

Так скора, у такі кароткі час зрабілася гэткая вялікая перамена!.. А ўсё вінавата жыццё, яго цвёрдыя вымаганні... Яшчэ ўчора зранку тут так весела, так чароўна было: стаяла зялёная, высокая, густая трава... Цёпленькі ветрык веяў і калыхаў яе... Пахла шчасцем, прасторам, воляй!.. Як магнаты - стаялі важна кусты чэмеру, калыхаліся чырвоненькія, лёгкія званочкі, бялеў празрысты цюцюпан, смяяліся кастравыя ліпкія смолкі... Па кветках пырхалі матылёчкі, гулі пчолкі; у траве ля зямлі трашчалі незгамонныя цвыркунчыкі... Разам вылятала з-за лесу клапатлівая, неспакойная каня і на ўсё горла крычала: «пі-іць! пі-іць!»

Гэтая пакараная Богам птушка бачыла і чула, што кругом шуміць жыццё, кругом радасць, шчасце, і ёй думалася, што пачуюць яе енк, поўны гора і мукі, і знойдзецца хоць адна добрая, спагадлівая душа і падасць ёй крышку вады, каб прагнаць страшэнную векавую смагу. Але не чуў яе ніхто, ды і ніхто і чуць не хацеў, бо кожнаму свой клопат - клопат вялікі: сабе яды дастаць на сягонняшні дзень. Усё жывое шукала пажывы, білася за яе з другімі насмерць, купляла цаной жыцця другога.

Хоць страшна і непавадна ўдумаўшыся, але весела і міла на погляд, бо ўсё, здавалася, тут толькі весялілася, іграла і жыло... І стаяў бы, здаецца, чалавек і глядзеў бы на гэту пекнасць прыроды, на яе з'яўленне, хоць бы не піўшы і не еўшы, цэлыя дні і ночы не змігнуўшы нікуды вокам!..

Ажно вось з усходам сонца прыйшоў на луг чалавек - цар зямлі і пачаў касіць... За ім прыйшоў другі, трэці, чацвёрты... Засвісталі косы, легла пад імі зялёная жывая траўка... А сонца яшчэ над ёю здзекавалася: пякло і пякло...

Запанавала страшная смерць!..

(1909)