Свінні і бараны (Бартэльс/Багушэвіч)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Сьвіньні і бараны
Верш
Аўтар: Артур Бартэльс
Пераклад: Францішак Багушэвіч
Крыніца: http://rv-blr.com/rvblr/pages/versh_view.jsp?vershId=417

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Слаўны хранікёр Чын-Чына-Па-Чытай,
Што з прад тысячы гадоў апісываў Кітай,
Сам бачыў і апісаў здарэньне,
Што цяпер трудна даць веры,
Але пісаў праўду, паводле сумленьня,
Ды на ўсё гэта пакінуў паперы.
І вось што ён піша:
                                «У даўнія часы
Панавалі над краем два сьвінапасы,
І, падзяліўшы надвое ўсе ланы,
Адзін пасьвіў сьвіньні, а другі бараны.
І, як усюды на сьвеце вядзецца,
Сварыліся часта пры кожнай прычыне:
Той кажа, што баран бадзецца,
А той, што бульбу чыста зрылі сьвіньні.
Жылі яны гэтак гадоў многа, многа,
Пакуль сьвінар здрадна не забіў другога.
І, збрызганы кроўю забітага бязьвінна,
Сагнаў у адно стада да бараноў сьвіньні.
Не канец на гэтым:
                                 абодва народы
Ніяк не зжыліся, не прыйшлі да згоды:
Пад адным былі хоць самаўладным панам,
Усё ж сьвіньня — сьвіньнёй, а баран — баранам.
Сьвіньня лычам рые і уся у кале,
А баран рагаты лоб трасе зухвале
І не прынімае сьвінара за пана,
А сьвіней мінае, як таго шатана.
Сьвінар зазлаваўся і паслаў падпаскаў,
Каб кожны біў авечак, колькі будзе ласкаў,
Аж пакуль авечка станецца сьвінёю,
Ляжаць будзе ў балоце і рыцца ў гною.
Сам сьвінар, зайшоўшы на выган забраны,
Убачыў, што сьвіней мала, а ўсё бараны…
Аж здрыгануў са злосьці і са страху разам
І сьвіней пацешыў вось такім указам:
«Перавярнуць увесь народ: бараноў у сьвіньні,
А хто не паддаецца, няхай марна згіне».
І казаў сьвіням наймудрэйшым
Сабраць паперы самы найдаўнейшы,
На каторых бы прадзед падпісаўся,
Што сьвет калісь быў сьвінскі — ад сьвіньні пачаўся:
І авечкі былі сьвіньні, як і усе сьвіне,
Авечкамі сталі праз тое ядыне,
Што пастыр быў лагодны, жылі ў раскошы,
Зарасла ім воўна, не зазналі вошы,
Шарсьціна аблезла, а вырасьлі рожкі,
І голас зьмяніўся і фігура трошкі…
А мудрыя сьвіньні так пастанавілі:
«Сьвет калісь толькі для сьвіней стварылі,
А сьвінар ёсьць пан на сьвеце ядыны;
Хто ж ня верыць ці ня рады, — няхай згіне».
Затым выйшаў указ на бараноў новы:
«Хто з рагамі убачыць барані галовы
Ці пачуе голас бараняга народу
І данясе падпаскам, — возьме нагароду,
А рагаты галовы кат ім разразае,
Хіба што баран сам тое прызнае,
Што сьвінёй быў зроду і сьвінёй застане…»
За гэтым указам даў другі на авечкі,
Каб, хто воўну мае, ня сьмеў бы ніколі
Піць ваду з крыніцы, ні з рэчкі
І ня пасьвіўся ні ў лесе, ні ў полі,
Хіба сьвіней дзесятак прысягне,
Што такі-та, хоць ходзіць у аўчыне,
Авец ненавідзіць, за сьвінямі цягне
І ў душы сьвінёю і жыве, як сьвіне.
Пасьля ўказ трэці: «Хто толькі адзавецца
Голасам баранім, хоць і хто зь ягнятак,
Падпаскі павінны гэтакай авечцы
Рваць скуру на целе з галавы да пятак.
А калі і потым сьвінёй не заквікне
І яшчэ раз бэкне, то рваць таму цела,
За трэцім — ламаць косьці, пакуль не прывыкне
Рохкаць па-сьвінячы!»
                                      Так то было дзела,
Судны дзень настаў авечай дружыне.
Шыбяніцы гнуцца, поле чырванее
Ад крыві бязьвінны, — тысячы іх гіне
З голаду, з прагненьня, а другіх зладзеі
Разганялі ў пушчы для вечнай заглады.
А што засталіся без усякай рады:
Пазьбіваны рогі, абголена воўна;
Бродзяць, як дурныя, па роднаму полю,
Дзе няма травінкі, бо ўсё сьвіней поўна;
Яны толькі стогнуць з голаду і з болю
У зямліцы роднай, з гноем перарытай".
      Вось гэтак-то піша
      Чын-Чына-Па-Чытай.