Санэт (Багдановіч — Паміж пяскоў Эгіпецкай зямлі…)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Санэт
Верш
Аўтар: Максім Багдановіч
1911
Крыніца: http://rv-blr.com/literature/2693#357



* * *


                  Ахвярую А. Пагодзіну
   
                  Un sonnet sans défaut 
                  vaut seul un long poème. 
                  Boileau[1]  

Паміж пяскоў Эгіпецкай зямлі,

Над хвалямі сінеючаго Ніла,

Ўжо колькі тысяч год стаіць магіла:

Ў гаршчку насеньня жменю там знайшлі.


Хоць зернейкі засохшымі былі,

Усё ж такі жыцьцёвая іх сіла

Збудзілася і буйна ўскаласіла

Парой вясеньняй збожжа на ральлі.


Вось сымбаль твой, забыты краю родны!

Зварушаны нарэшце дух народны,

Я верую, бясплодна не засьне,


А ўперад рынецца, маўляў крыніца,

Каторая магутна, гучна мкне,

Здалеўшы з глебы на прастор прабіцца.


(1911)



Зноска

  1. Беззаганны санэт варты адзін цэлае паэмы. Буало (фр.)