Салавейка

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Салавейка
Верш
Аўтар: Алесь Гарун
Крыніца: http://rv-blr.com/vershu/view/72293


Салавейку ўзялі ды з гаю,
Пасадзілі у клетку за краты?
                 У маю
                 Тэй страты
Найцяжэйшай дазнаў салаўюшка.
Распусьціўся лісток на дубочку,
Апранулась зямелька у краскі;
                 А ў ночку,
                 А з ласкі
Не сьпявае ніхто над рачушкай.
Ой, чаму ж, салавейка, ты болі
Чараўнічых сьпявоў не счыняеш?
                 Што волі
                 Ня маеш
І сьпяваці ня будзеш ніколі?