Рыцар Няшчасце, што скрозь ездзіць пад маскай маўчком…
*** «Рыцар Няшчасце, што скрозь ездзіць пад маскай маўчком…» Верш Аўтар: Поль Вэрлен Пераклад: Максім Багдановіч |
Крыніца: Багдановіч М. Поўны збор твораў у 3 тамах. Т. 1. — Мн.: Навука і тэхніка, 1991. Ст. 167-168 |
* * *
Рыцар Няшчасце, што скрозь ездзіць пад маскай маўчком,
Сэрца старое прабіў мне зіхацяшчым кап’ём.
З сэрца старога струёй люнула яркая кроў;
Знікла пад сонцам яна, ў землю ушла між цвятоў.
З губ маіх вырваўся крык, бліск маіх зрэнак пагас;
Дрогнуўшы, ўмёрла маё сэрца старое ураз.
Рыцар пад’ехаў тады бліжэй на чорным кане.
Спрыгнуў з яго і рукою рану знайшоў у мяне.
Цяжка у рану маю палец акуты ўхадзіў;
Сэрцу жа голас цвярды срога прыказ гаварыў.
Таркнуў халодны, як лёд, палец у сэрца маё,
І уваскрэсла у ім, чыстым і гордым, жыццё.
Сэрца без кропелькі зла, сэрца без кропелькі шкод,
Ўсё аднаўлёнае ўраз, білася ўзад і ўпярод.
Бледны, дрыжачы, я ўсё ж веры даць шчасцю не мог.
Як і ўсякі, каму робіцца відзімым бог.
Рыцар жа зноў на каня сеў, галавою кіўнуў
І, ад’язджаючы прэч, некалькі слоў мне гукнуў.
Вось што я чуў ад яго, вось што я чую ўвесь час:
«Будзь асцярожным цяпер! Гэтае добра ліш раз!»
<1911—1912>