Перайсці да зместу

Руска-беларускі слоўнік (1937)/Прадмова

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Прадмова
Публіцыстыка
Аўтар: Андрэй Александровіч
1937 год
Як карыстацца слоўнікам

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПРАДМОВА

Вялікую Сталінскую Канстытуцыю ордэнаносная Совецкая Беларусь спаткала грандыёзнымі перамогамі на фронце соцыялістычнага будаўніцтва, у тым ліку і на фронце будаўніцтва культуры, літаратуры і мастацтва, нацыянальных па форме і соцыялістычных па зместу. Гэтыя перамогі дасягнуты пад непасрэдным кіраўніцтвам комуністычнай партыі і яе Цэнтральнага камітэта.

ЦК КП(б)Б і асабіста таварыш Н. Ф. Гікало сістэматычна вёў рашучую барацьбу з контррэволюцыйнымі нацдэмамі і вялікадзяржаўнымі шавіністамі за развіццё беларускай соцыялістычнай культуры і яе важнейшай часткі—беларускай мовы.

Пленумы ЦК КП(б)Б і бюро ЦК не раз вырашалі пытанні класавай барацьбы на мовазнаўчым фронце, пытанні росту і росквіту беларускай мовы. Дзякуючы правільнаму, паслядоўнаму правядзенню мудрай ленінска-сталінскай нацыянальнай палітыкі беларуская мова, ачысціўшыся ад класава-варожай засмечанасці, літаратурна вырасла, узбагацілася, стала вострай зброяй барацьбы супроць ворагаў соцыялізма.

Кіраўнік большэвікоў Беларусі, сакратар ЦК КП(б)Б таварыш Н. Ф. Гікало, у вядомым артыкуле, надрукаваным у газеце „Правда“ пад назвай „Советская Белоруссия“, вельмі выразна характарызуе стан беларускай мовы ў мінулыя праклятыя часы:

„Гучная, музычная, задушэўная беларуская мова царскімі апрычнікамі была абвешчана „хамскай мовай“ і забаронена да ўжывання.

Каб выпусціць кнігу на беларускай мове, трэба было ісці на хітрыкі. Некаторыя беларускія кнігі выдаваліся пад выглядам балгарскіх, сербскіх. Здзекі з беларускай мовы, беларускай песні, беларускага слова прывялі да таго, што звыш 70% народа было непісьменным“.

Беларускія буржуазныя нацыяналісты, контррэволюцыйныя нацдэмы ў сваіх інтэрвенцкіх мэтах, стараючыся адарваць БССР ад магутнага Совецкага Саюза, праводзілі шкодніцкую работу на ўсім фронце соцыялістычнага будаўніцтва.

У сваіх азвярэлых формах барацьбы ў галіне мовазнаўства нацдэмы перакрылі апрычнікаў часоў жудаснай царскай рэакцыі. Паланізуючы мову, нацдэмы засмечвалі яе архаізмамі, мёртвымі словамі, словамі, штучна створанымі па нацыяналістычнаму тыпу. Нацдэмы вялі барацьбу за адрыў мовы ад жыцця, ад гаворак рабочага класа, працоўнага сялянства, рашуча выганялі з мовы элементы пролетарскага інтэрнацыяналізма, вялі барацьбу супроць слоў, народжаных рэволюцыяй, супроць слоў, аднародных з рускай мовай, стараючыся зрабіць беларускую мову незразумелай, затрымаць беларускі народ у цемры, каб прадаць яго на рабства раз‘юшанаму фашызму.

Беларускі народ пад баявым кіраўніцтвам ЦК КП(б)Б выявіў заклятых ворагаў, бязлітасна разграміў іх на мовазнаўчым участку, як і на ўсім фронце соцыялістычнага будаўніцтва. І Беларускі народ у сваім гістарычным пісьме да Вялікага Сталіна з любоўю і гордасцю заяўляе аб трыумфе беларускай соцыялістычнай культуры, аб росквіце беларускай мовы:

Беларускую мову трымалі ў загоне,
Каб народ не пазбыў нематы і бяды.
З намі гэтаю мовай гавораць сягоння
Маркс, і Энгельс; і Ленін, і ты, правадыр.

Мы расцілі яе клапатліва, надзейна,
За яе правялі мы з нацдэмамі бой.
І даступнымі сталі нам Пушкін і Гейне,
Руставелі і Горкі, Бальзак і Талстой.

Гэтай мовай друкуюцца кнігі, газеты,
У мільёнах ідуць у сяло, ў гарады.
Гэтай мовай пісьменнікі нашы, паэты
Табе славу пяюць, дарагі правадыр.

Шлях росту і росквіту беларускай мовы расчышчаны ад ворагаў народа. Але барацьба яшчэ не закончана.

Ворагі народа ўсімі сіламі і сродкамі будуць імкнуцца шкодзіць нашаму непераможнаму поступу наперад. Таму класавая пільнасць на гэтым участку ідэалагічнай работы, як і на ўсім фронце будаўніцтва соцыялізма, павінна быць асабліва вострай. З большэвіцкай непрымірымасцю мы павінны з корнем знішчаць любую спробу ворага шкодзіць буйнаму росквіту шчаслівага жыцця нашай соцыялістычнай радзімы.

Па дырэктыве ЦК КП(б)Б інстытут літаратуры, мастацтва і мовы Акадэміі навук БССР склаў гэты руска-беларускі практычны слоўнік.

Слоўнік разлічан на партыйны, комсамольскі, фабрычна-заводскі, калгасны актыў і школу.

У даным слоўніку могуць быць і недакладнасці, таму ўсіх, хто будзе карыстацца гэтым слоўнікам, просім прысылаць свае заўвагі, дадаткі, новыя словы, свае меркаванні аб характары ўкладання слоўніка ў Інстытут літаратуры, мастацтва і мовы Акадэміі навук БССР.

Кожная заўвага, дадатак, парада будуць з усёй уважлівасцю ўлічаны пры паўторным выданні практычнага слоўніка і пры ўкладанні поўнага двухтомнага руска-беларускага слоўніка, які падрыхтоўваецца да друку.

АНДРЭЙ АЛЕКСАНДРОВІЧ.