Роспач
Роспач Верш Аўтар: Леапольд Родзевіч Крыніца: Леапольд Родзевіч. Творы |
О, беспатольная, бел-чыстая,
З ліхадзеямі нерашучая —
Аб Табе да зямелькі камяністае
Прыпадаю ад болі пякучае.
Б'юся як рыба аб лёд,-
Кроў, слёзы, пот...
То ж адабралі, глумяць Жалейку.
Крывавым штыком распаловілі
Безабаронную, працоўную Сямейку.
З падваротні сытым назласловілі
Пра гора ціхае, жабрачае;
Пра хараство юначае;
Пра заімшэлую Вялікую Руіну.
А кругом каркаюць, што не ўваскросшы згінеш,
Што мову матчыну
У забыццё кінеш.
А кругом дужыя, ляскаючы клыкамі,
Рвуць сквапна цела кускамі -
Няміга, Люблін і Рыга —
Калі скрыша іх вясны нашай крыга!
Ах, ясі Ты праклёныя кусочкі.
Нахадзілася з сваёй хаты ўпрочкі.
Настаялася ў пераможцаў пры парозе.
Намадзелася нявіннай у астрозе.
Начулася гідкіх нагавораў.
Пакалечыла душу аб нораў
Прагавітых прыблуд-ліхадзеяў.
Спахмурнела ад грозных падзеяў.
Як балюча цягучая ноч роспачы, ўора.
Бы ліпкае павуцінне, аплутала змора.
Рабскі жах, нявера душы набалелай
Точаць корань Руні і цяжараць думу.
Па Краіне працы і задзірванелай
Значан след крывавы ўладарнага Глуму.
Славу здратавалі!
Замест неба — клетка, каваная з сталі.
А замест світання — зарыва пажараў...
Ах, годзі жа, годзі ахвяраў!
Ах, раніца-краля і вечар-багач,
Усцішце жальбу, стогн і плач
Дзіцяці ад глебы, плач сіраціны
Без Імені, Долі, Айчыны.
У немач кінула адвечная пакора.
Не ўтопіш у слёзах Ты гора.
Ах, калі ж узойдзеш без прынукі
На гальготу адраджэнскага Руху!
Ах, калі ж працерпіш тыя мукі,
Што дадуць незалежнасць Твайму Духу?!