Перайсці да зместу

Роля моладзі ў пачатках адраджэнскага руху

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Роля моладзі ў пачатках адраджэнскага руху
Публіцыстыка
Аўтар: Антон Луцкевіч
1927 год
Крыніца: Родныя гоні. — Ліпень—Жнівень 1927. — Кніжка 5. — С. 20—24

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




АНТ. НАВІНА.

Роля моладзі ў пачатках адраджэнскага руху.[1]

Ува усіх народных рухах — ці то сацыяльных, ці палітычных, ці нацыянальных, — авангардам грамадзянства зьяўлялася, зьяўляецца і пэўне-ж заўсёды будзе зьяўляцца моладзь.

Гэта ўжо ляжыць у самай прыродзе моладзі: яна — больш, чым хто, адзыўчывая на ўсялякае гора, усялякую крыўду, усялякі зьдзек; яна мае ў сабе вялізарны запас нявыкарыстаных яшчэ сілаў: яна найбольш здольна захоплівацца вялікімі людзкімі ідэаламі і аддавацца ідэі да канца — без якіх-колечы сваекарысных меркаваньняў, бяз ніякіх кампромісаў з сваім сумленьнем. Моладзь, паколькі яна ад раньніх год не захоплена кар‘ерызмам, заўсёды і ўсюды першая кідалася ў вір барацьбы за волю народаў, за вызваленьне працоўных з путаў сацыяльнае няволі.

Тое-ж мы бачым і ў беларускім руху. І тут сярод пачывальнікаў нашага Адраджэньня бачым прадстаўнікоў моладзі. І тут, яна адыграла сваю ролю — ролю авангарду масавага руху, якім рух беларускі зьяўляецца сягоньня.

Паадзінокія спробы ўзнавіць колішняе беларускае пісьменства, якія сустракаем на працягу ўсяго XIX сталецьця, гэта-ж дзела рук перадусім моладзі. У дзяцюцкія гады свае пачаў пісаць беларускія вершы Ян Баршчэўскі. На студэнцкія гады прыпадаюць і першыя вершыкі Яна Чачота, пісаныя пабеларуску і — як наказуе традыцыя — папраўляныя студэнтам-жа Адамам Міцкевічам. А калі паў прыгон, і з вёскі пачалася цяга моладзі ў места — за навукай, калі сыны сялянскія першы раз пераступілі парогі вышэйшых школаў, — дык сярод іх ізноў-жа беларуская ідэя знаходзе сваіх вызнаўцаў, знаходзе барацьбітоў за волю народную.

Сярод гуртка народавольцаў, якія ў 1884 годзе распачалі былі выдаваць у Менску нелегальную гэктаграфаваную часопісь „Гомон“ (у расейскай мове), былі якраз прадстаўнікі моладзі: аб гэтым сьведчыць дзейны ўчасьнік народавольчаскае арганізацыі ў Менску бацька нашага поэты Багдановіча, у сваіх пісьмах да аўтара гэтых радкоў. У № 2 таго-ж „Гомана“ выразна кажацца яб існаваньні ў гэным часе ўжо цэлага раду беларускіх студэнцкіх арганізазыяў. З моладзі — студэнтаў — злажыўся быў і той беларускі гурток у Маскве, аб якім у сваіх „Успамінах“ піша Антон Лявіцкі, ды які выдаў беларускі пераклад „СыгналуУсевалада Гаршына ў 1891 годзе. Пэўне-ж у студэнцкія гады вызначыўся і беларускі шлях праф. Даўнара-Запольскага, які так шмат зрабіў дзеля беларускае гісторыі,

Калі падыйдзем да апошняга пэрыаду ў беларускім адраджэнскім руху, які на нашых вачох — за апошнія 95 гадоў — так буйна расьцьвіў і даў такія багатыя вынікі, — дык і тут галоўную ролю грае студэнцкая моладзь. Пачынальнікі гэтага руху, браты Луцкевічы, распачалі сваю працу яшчэ на вучнёўскай лаве, як вучні менскае гімназыі. Каля іх у самым пачатку дзевяцісотных гадоў гуртуюцца ўжо і Карусь Каганец (Казімер Кастравіцкі), і рад вучняў ды вучаніц, якія пасьля выйшлі на актыўных працаўнікоў яа беларускай ніве.

У 1902 годзе ў Пецярбурзе творыцца „Кружок Беларускае Народнае Асьветы“, ладжаны тымі-ж Луцкевічамі і Вацлавам Іваноўскім. Першую адозву да грамадзянства з заклікамі распачаць асьветную работу сярод беларускага сялянства — у роднай мове апошняга — укладае і выдае тая-ж групка студэнтаў пецярбурскіх вышэйшых школаў, якая заклала сказаны „Кружок“. Першыя ахвяры грашмі на гэту справу зьбіраюцца ізноў-жа сярод гэнае самае моладзі, ды з гэных дробных складак творыцца зачатак выдавецкага фонду, які фінансаваў выданьне „ВязанкіЯнкі Лучыны.

У першых студэнцкіх арганізацыях, з якіх бярэ пачатак уся сучасная беларуская культурна-асьветная і палітычная работа, прымалі ўчасьце пераважна менчукі, якія яшчэ да выезду ў Пецярбург праходзілі свайго роду школу беларускасьці ў закладзеным у Менску Луцкевічамі беларускім гуртку, ды віленцы, зьвязаныя з рухам пераважна праз асобу Іваноўскага. Адначасна пачынальнікі беларускае працы зрабілі рашучы штурм на так-званыя „зямляцтвы“, ці згуртаваньні студэнцкае моладзі паводле губэрняў, з якіх яна паходзіла. Зямляцтвы гэныя мелі пераважна чыста расейскі характар. Тут гуртаваліся бадай выключна праваслаўныя беларусы, пад той час, як каталікі аставаліся пад кіраўніцтвам польскіх установаў. Але пад націскам адраджэнцаў пачаўся фэрмэнт і сярод адных, і сярод другіх. На беларускім грунце пачалі разам схадзіцца студэнты праваслаўныя й каталікі, каторыя яшчэ ўчора бачылі ў сабе ўзаемна „маскалёў“ ды „ляхаў“.

Думкі аб шырокай культурна-асьветнай працы сярод беларускага сялянства ды ў беларускай мове сустрэлі на сваім шляху надта вялікія перашкоды. Краёвая інтэлігенцыя, да якое зварачаліся з сваімі адозвамі першыя адраджэнцы, аставалася глухой на ўсе іхнія заклікі: праваслаўныя лічылі сябе расейцамі і йшлі па лініі найменшага апору — у кірунку абмаскоўленьня краю; каталікі-ж уважалі сябе за палякоў і ўсе свае сілы аддавалі вельмі популярнай у той час барацьбе польшчыны з маскоўшчынай — у імя „гістарычных правоў“ Польшчы на Беларускай зямлі… Да таго-ж уся гэная інтэлігенцыя складалася пераважна або з урадоўцаў, або з абшарнікаў, якія з увагі на сваё сацыяльнае становішча ня лішне прыхільна глядзелі на „эманцыпацыю хлопства“. Дык вось больш жывыя элемэнты спасярод моладзі шукаюць новых шляхоў дзеля свае працы і знаходзяць іх на грунце самаарганізацыі масаў і барацьбы з панаваўшым у Расеі дзяржаўным ладам дый з польскім абшарніцтвам у Беларусі. І калі ў 1903 годзе заклалася Беларуская Рэвалюцыйная Грамада, у лічбе закладчыкаў яе бачым ізноў тых-жа прадстаўнікоў студэнцкае моладзі. Моладзь дае імпульс да працы, і каля першых барацьбітоў за волю працоўнае Беларусі гуртуюцца і прадстаўнікі сялянства, і работнікі мест.

З Пецярбурга беларускі рух сярод студэнцкае моладзі перакідаецца ў другія ўнівэрсытэцкія месты Расеі (Дорпат, Варшаву, Маскву, Пулавы) і заграніцу (Кракоў, Табор), але найвялікшыя згуртаваньні нацыянальна сьвядомае беларускае моладзі бачым у Дорпаце (Юр‘еве) ды ў Варшаве. Вось-жа трэба выясьніць тую прычыну, дзеля якое рух беларускі шырыўся сярод студэнцтва іменна гэных двух местаў.

Справа ў тым, што расейскі ўрад дазволіў прымаць у ўнівэрсытэт гадунцоў праваслаўных духоўных сэмінарыяў — наўперад у Дорпат і Варшаву, пад той час, як у іншыя ўнівэрсытэты доступ для былых сэмінарыстаў быў яшчэ доўгі час зусім зачынены. А як раз сярод вучняў праваслаўных духоўных сэмінярыяў рух беларускі знайшоў гарачы водклік. У Менску ў 80-ых гадох мінулага сталецьця працаваў пад беларускім сьцягам вучань дух. сэмінарыі Чаховіч, які здаволяваў сэмінарскую моладзь народавольскай літаратурай. У 1905 годзе сярод віленскіх сэмінарыстаў працавала Цётка (Кейрысовая). У 1906—7 гадох распачалі тут работу і браты Луцкевічы, якія прабраліся ў Вільню з Менску. Монтвіллаўскі парк быў галоўным месцам сустрэч з сэмінарыстамі. Луцкевічы пранікалі патайна ў самыя Базыльянскія муры, робячы тамака зборкі сэмінарыстаў і чытаючы ім лекцыі й рэфэраты аб беларускай справе. А вынікам усяе гэтае працы было тое, што ў працягу трох гадоў — 1905, 6 і 7 толькі, здаецца, адзін спаміж скончыўшых сэмінарыю пайшоў на папа: рэшта ўсе йшлі ў вышэйшыя школы, ды кіраваліся па пратаптанай дарозе найбольш у Дорпат і Варшаву. Дык лёгка зразумець, што іменна ў гэтых універсытэцкіх местах і разьвіваўся адраджэнскі рух сярод студэнтаў-беларусаў.

Ведама, у Пецярбурзе рух быў найвялікшы. Тут моладзь ад 1906 году праходзіла школу культурнае працы ў выдавецкай суполцы „Загляне сонца і ў наша ваконца“, дзе вялізарны ўплыў на яе аказаваў праф. Эпімах-Шыпілла, унівэрсытэцкі бібліатакар. Дзякуючы энэргіі Вацлава Іваноўскага, а пасьля і Цёткі, што перакачавала на нейкі час туды, студэнцкая моладзь была зарганізаванва дзеля нацыянальнае працы, а сутычнасьць з беларускімі работнікамі, якіх заўсёды ў сталіцы старое Расеі было вельмі многа, памагала выпрацоўваць нашай моладзі сацыяльную ідзалёгію, згодную з ідэаламі працоўных наагул. Пры пецярбурскім унівэрсытэце па ініцыятыве студ. Аўгеня Хлебцэвіча]] заснаваўся быў беларускі гурток, які меў мэтай навуковае вывучэньне Беларусі. Беларускі рух перакінуўся навет у каталіцкую духоўную сэмінарыю і акадэмію, дзе выкладаў праф. Эпімах-Шыпілла, будзячы беларускую нацыянальную сьвядомасьць сярод сваіх землякоў. У 1913 годзе ў Пецярбурзе вышаў першы і на жаль адзіны нумар беларускае студэнцкае часопісі „Раніца“.

У апошнія перад вайной гады значна пашырыўся беларускі рух сярод вучняў сярэдніх школ ў Менску й Вільні. У Вільні першае месца належалася сярэдняй хіміка-тэхнічнай школе, дзе рух гэты не заціхаў ад выхаду „Нашае Долі“, у якой уся тэхнічная праца пры экспэдыцыі была роблена, рукамі хіміка-тэхнікаў — ведама-ж, бяз ніякае платы. У аднэй із віленскіх гімназіяў распачаў сваю беларускую працу і такі выдатны прадстаўнік беларускага руху, як праф. Браніслаў Тарашкевіч, а ў віленскай духоўнай сэмінарыі (каталіцкай) д-р Ян Станкевіч, які, як ведама, быў за гэта выдалены з сэмінарыі і пашоў па шляху сьведкай работы.

Гаворачы аб сярэдніх школах, нельга абмінуць руху сярод вучняў вучыцельскіх сэмінарыяў. Гэтак чатыры краёвыя сэмінарыі, у якіх пераважала беларуская сялянская моладзь (Полацкая, Маладэчанская, Сьвіслацкая і Панявежская), стварылі свой хаўрус ды навет правялі агульную забастоўку, ідучы пад беларускім нацыянальным сьцягам (прыблізна ў 1908 годзе ці каля таго). З найбольш ведамай сваім чорнасоценска-абрусіцельным духам Нясьвіскай сэмінарыі выйшаў яшчэ раней Якуб Колас. Захапіў адраджэнскі рух і некаторыя вучыцельскія інстытуты. У адным з іх — Глухаўскім (ў Чарнігаўшчыне) быў закладзены беларускі гурток, якім кіраваў паэта Я. Журба.

Многа актыўных беларускіх дзеячоў вырасла спаміж гэнае моладзі, якая ў даваенныя часы, калі беларуская справа толькі-толькі пачынала станавіцца на цьвярдзейшы грунт, выявіла шмат глыбокага ідэалізму і крэпкую веру ў правільнасьць адраджэнскае ідэі. Праўда, многа і адстала: жыцьцё прымусіла шмат каго ісьці на кампрамісы з уласным сумленьнем, ды часта выракацца і свайго народу, і сваіх старых ідэяў… Але можам з поўным перакананьнем сказаць, што беларуская моладзь, беларускае студэнцтва ў сваім часе добра заслужылася для справы беларускага нацыянальнага Адраджэньня, То-ж да прыкладу рэдакцыя „Наша Доля“ складалася вылучна з студэнтаў[2]. І калі гэта было магчыма ў часы, калі будучына беларускага руху йшчэ магла выклікаць у людзей сумляваньні і недаверые, калі тварцы гэтага руху не маглі йшчэ паказаць нічога рэальнага, а йшлі да масаў толькі з глыбокай верай у свой ідэал, — дык для сучаснага беларускага студэнцтва справа прадстаўляецца шмат лягчэйшай, і для яго гэных сумлеваў ужо быць ня можа: з лятуценьняў невялікае жмені ідэалістаў вырас запраўды-ж масавы народны рух да нацыянальнага і сацыяльнага вызваленьня, і гэтага руху ня здолее ўжо ніякая сіла спыніць на паўдарозе.

Вільня, ліпень 1997 г.


  1. Аўтар гэтае стацьці абмежыўся пэрыедам да выбуху сусьветнае вайны і не зачапляе студэнцкага руху апошніх гадоў па вайне. — Рэд.
  2. Пры „Радзінах“ першае беларускае легальнае часопісі „Наша Доля“, наколькі мне помніцца, былі гэткія прадстаўнікі студэнцкае моладзі: з ПецярбургаАнтон Трэпка, з Менску — Бран. Земенцкі, сябры рэдакцыі: „Цётка“, Ів. і Антон Луцкевічы, Ф. Умястоўскі, група вучняў хіміка-тэхнічнае школы ў Вільні. А. Н.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.