Родныя зьявы (1914)/Недаступны
← „Соціаліст“. (З апаведаньня селяніна) | Недаступны Апавяданьне Аўтар: Якуб Колас 1914 год |
Дзяліцьба → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Недаступны. |
Недаступны.
Быў гарачы летні дзень, адзін с тых дзён, аб каторых гавораць: варыць, як у гаршчку. Далёкая цёмная палоска лесу абвязалася наміткаю сіневатай смагі, як маладзіца хусткаю, каб не так пякло сонцэ. Падыхаўшы зранку вецер сьціхнуў саўсім; і здавалася, што ён сьціхнуў не дзеля таго, што гэта так трэба, а зумыслу, на злосць усім тым сілам, да каторых належала не даваць у зьдзек гарачыні зусім распарэнай зямлі і ўсё яе стварэньне. Адным словам, здавалася, што вецер зазлаваўся, як той дзядзька Піліп, каторы бачучы, што ён адзін толькі працуе ў хаці, а ўсе туляюцца ад работы, як сабакі ад мух, і што адзін ён нічога ня ўскурае, — плюнуў, кінуў работу і лёг у халадок, сказаўшы: „Чорт-жэ вас бяры!“
І ціха было ўсюды. Маўчаў луг, маўчала поле: на вуліцы ў сяле не відаць было нікагутка. Толькі зрэдка перэбегаў з надворку ў надворак сабака, высалапіўшы язык і шукаючы лепшай схаванкі ад мух. Праўда: дзень быў сьвяты. Селяне пахаваліся па халадкох, а Карусь Цесьля ешчэ ад снеданьня залёг на таку голым жыватом.
З аднаго канца вуліцы раптам выскачыла ў аднэй кашулі без шапкі нескладная хвігура селяніна. Па тым, як нясьлі яго ногі, людзі сьвядомые адразу пазналі-бы, што дзядзька Арцём крыху „хлясануў“, што цяпер няспрытнымі нагамі выратовываў сваю асобу і што з-заду за ім павінна быць нейкая грозная сіла, ад каторай і нясьлі яго непаслушные ногі. Прабегшы неколькі хат, Арцём звярнуў на агароды, шуснуў у каноплі, адтуль разораю між капусты забег у надворак Юркі Труса, з надворку заламаў у вулачку і пасучыў проста к калодзіжу. Дабегшы да студні, Арцём азірнуўся. Вуліца была пустая. Арцём ешчэ раз азірнуўся і, уляпіўшыся за зруб студні, перакінуў сваё цела у студню, павісшы на руках. Павісеўшы так с паўмінуты, ён высунуў сваю кудлатую ўскалмачэную галаву і павёў ею наўкруг. Якраз не далёка ад студні бегла с падаткнутаю спадніцай кабеціна с качаргой у руках. Арцём борздзенька схаваў за зруб галаву, зірнуў у ніз, пусьціў рукі і… шугнуў! Праз момэнт пачуўся глухі плеск вады. Калодзіж быў не глыбокі і вады ў ім было мала. Шчасьліва апынуўшыся на дне, Арцём трохі пачухаў цяжэйшае мейсца і стаў прымайстроўвацца на скрыні. Скрыня заметна выдавалася над вадой. Арцём усеўся на адным яе берэзі, а ў другі упёрся нагамі. Тут ён пачуў сябе вольна і выгодна і ўздыхнуў лягчэй.
Яму і самому ніколі не прыходзіла такая думка — ускочыць у калодзіж. Усё гэта зрабілася раптоўна, ад аднаго толькі жаданьня хітрэй схавацца ад жонкі. А як тут была прохладзь ды спакой, то Арцём ад здаволеньня нават усьмяхнуўся сам сабе. О, гэта то штука! Аб гэтым ўсё сяло загаворыць…
— Каб ведаў, то ўзяў-бы с сабою тытун і люльку, — сказаў Арцём, і плюнуў пад ногі.
Грыпіна, прабегшы агароды і Юркаў двор, згубіла Арцёмавы сьляды. Кінуўшыся туды і сюды, яна спынілася, момэнт раздумываючы над тым, куды прапаў Арцём. Хоць Арцём і нікога ні бачыў, лезучы ў калодзіж, але яго дагледзіў малы Пятрук: ён быў у суседзкім садзе і бачыў праз шчыліны частакола, як дзядзька Арцём кідаўся ў калодзіж. І ў той момант, як Грыпіна, ламала галаву, шукаючы Арцёма, Пятрук выбег на вуліцу.
— Цётка! дзядзька ўкінуўся у калодзіж! — закрычаў Пятрук палахлівым голасам.
Пятруковы словы чуць-чуць данясліся да Арцёма.
— А, пся маць яго, злодзей! такі дасачыў! — падумаў, седзючы, Арцём.
Цётка Грыпіна выпусьціла качаргу і заламала рукі.
— А Божухна! а Матухна! Што ты, Пятрук, гаворыш?!
— Даль-Бог жэ, цётачка, дзядзька ўкінуўся ў калодзіж! Я сам бачыў, — чуць не плачучы, кляўся Пятрук.
Грыпіна, забыўшыся качаргі, кінулася да студні.
— Арцём! Арцём! ці ты тут? Ці жывы ты, Арцёмка?! — галасіла Грыпіна, перэгнуўшыся над зрубам.
Арцём задраў у гару галаву, зірнуў на жонку і нічога не сказаў.
А за гэты час Пятрук абегаў усе вуліцы і падняў усё сяло. Падняўся крык, гоман, студня бралася з бою, кожнаму хацелася зірнуць, што робіцца на дне. Самые лепшые мейсцы пазаймалі найболей паважные і сталые мужчыны. У адзін момант стала вядома, што Арцём жывы і здаровы. Там і сям, наўперад цішэй, а потым сьмялей, разносіліся вясёлые раскаты сьмеху.
— Бадай ты прапаў, Арцём! як ты залез сюды? — пытаўся Арцёма Антось Галавач.
— Дух Сьвяты занёс мяне, братка, — загаманіў Арцём, і голаў яго вылетаў са студні глуха, як з магілы.
Стаяўшые каля студні перэдавалі другім Арцёмавы словы.
— Пьяніца ты, лодыр! дурасць твая, гарэлка уплішчыла цябе сюды! Гэта-ж трэба! пасароміўся-б ты людзей! — пачала атчытываць яго Грыпіна.
— Ну! ну! завела ўжо катрынку! Глуха загукаў Арцём с калодзіжа. —
Чаго ты лаешся, Грыпіна? — накінуўся на кабету Карусь Цесьля і міргнуў у бок мужчын: — мусіць добра яму жывецца с табой, калі чэлавек на зламаньне карку кінуўся ў студню. — І, зірнуўшы на жонак, дабавіў: вось што робіць ваша грызьня з нашым братам…
— Гарэлка вам гэта робіць, — загаманілі жонкі дружным хорам.
Карусь замахаў рукамі і заткнуў вушы.
— А ніхай вас! вось сарокі! Толькі і астаецца уцекаць ад вас у калодзіж.
Карусь нагнуўся і клікнуў Арцёма.
— Арцём! ці добра табе там? —
— Добра, браце! — адазваўся Арцём і заплюхаў нагой па вадзе: — такі табе тут халадок, што проста — ах!.. Карусь! ты заўсёды быў мой лепшы друг: кінь, браце, мне сюды люльку!
— Вылазь брат! тут пакурыш. Вось і драбіны табе прынясьлі.
Неколькі мужчын паволі апускалі ў студню прынесеные драбіны.
— А на што мне драбіны? — пытаўся, седзючы на скрыні, Арцём: — думаеце, я вылезу ад гэтуль? Што я там буду рабіць з вамі? што мне там міла? нічога!.. Ня чуў хіба грызьні? А тут, браткі, — рай! —
„І гэй, ў Та-аганро-о-зі, да!
„І гэй, ў Таганро-о-зі да!“ —
Зацягнуў Арцём у калодзіжы песьню.
— Дык ты, Карусь, ня кінеш мне люльку? — скончыўшы сьпеваць, спытаўся ізноў Арцём.
— Татка, галубок! выла-а-азь! — заплакаў Арцёмаў сын, хлопчык гадкоў дзесяць.
— А! гэта ты, Сымонка? А сынок ты мой! Скажы мне, каток, які гэта прарок сядзеў у пустыні, і крумкачы насілі яму мяса?
— Выла-а-азь!
— Я ў цябе, пся кроў твая, пытаюся: якому прароку крумкачы насілі мяса? —
— Выла-а-азь!
— Эх! — уздыхнуў Арцём: — Адзін шкадуе люлькі, і гэта лепшы друг! Другі ня хочэ сказаць, каму крумкачы насілі мяса, і хто? родны сын! І жыві ты пасьля гэтаго на сьвеці. Лепей-бы ты мяне, матанька, на сьвет не радзіла. — І Арцём ізноў засьпеваў:
„На што ты радзіла |
— Доўга ты будзеш сядзець тут? — падышоў да студні стараста і пачаў гаварыць з Арцёмам, як начальнік: — ось зараз як улезу, то ты ў мяне шпарка вылезеш! —
— А ну, ўлезь! Лезь, стараста, даль-Бог, лезь! мейсца хопіць і табе. Бо і твая Алена добрая жо-онка! (Ці там яе німа?) Дык лезь, стараста, лезь, галубок! — І Арцём заварушыўся, пасунуўся, каб даць старасьці мейсца.
— Цьфу! каб ты згарэў! — плюнуў стараста і адыйшоўся пад сьмех селян.
— Карусь! — не сунімаўся Арцём: — дык ты кінеш мне люльку?
— Лаві! я табе кіну! — сказаў Мікіта Чувель, і ўжо выняў з губы сваю люльку.
— Я хачу, каб Карусь мне кінуў… Карусь! кінь мне, брат, люльку! —
Карусь ужо быў нарыхтаваўся кідаць, ды Грыпіна вырвала люльку з рук Каруся.
— Ато-ж! Ешчэ чаго, патураць яму! Вылазь, каб ты бокам лазіў!
— Татачка, выла-а-азь! —
— А скажы, як зваўся той прарок, катораму крумкачы насілі мяса? — не здаваўся Арцём.
Тут праціснуўся да студні Тарас Рубеж. І падышоў ён с такой мінай, што ўсе нявольна зірнулі на Тараса: на яго твары кожны прачытаў, што ён выдумаў спосаб выгнаць Арцёма са студні.
— Хлопцы! — сумыслу галосна загукаў Тарас, каб Арцём пачуў: вураднік прыехаў, будзе пратакол пісаць за незаконнае сабраньне! — І, зьвярнуўшыся да Арцёма, Тарас пачаў яго лаяць і крычаць:
— Скарэй вылазь, Арцём! Што ты нарабіў тут?! Прыехаў вураднік, будзе пісаць пратакол, бо ты смуціш сяло, зьбіраеш і валнуеш селян. Вылазь скарэй і хавайся, бо напішэ, пратакол, у вастрог пасадзяць! —
— Вураднік, кажэш? — спытаўся Арцём.
— Ня ўжо-ж хто! ён! —
Арцём забаўбатаў абедзьвымі нагамі і зацягнуў:
„Адракомся ад стараго міра, |
Селяне дружна зарагаталі.
— Марсільянку сьпевае! —
— Вось табе і Арцём! І вазьмі ты яго голымі рукамі. —
— Што мы, хлопцы, будзем цацкацца з ім? Бяры драбіны! Ніхай сядзіць! — Сказаў асаромлены Тарас Рубеж.
— Забірайце, забірайце, хлопцы! — гукнуў знізу Арцём, — бо яны мне замінаюць тут. А адгэтуль ня вылезу. Што вы да мяне маеце? Ня вылезу ды і годзі. Курыць не даецё, сказаць ня хочэце, каму крумкачы насілі мяса… Бывайце здаровы, хлопцы! — І Арцём заварушыўся і адвярнуў голаву ў куток студні.
— Кінь яму люльку! што с п’яным зробіш? Засьне, ешчэ захлынецца, — пачуліся нягромкіе галасы.
— Арцём! Лаві! — крыкнуў Карусь, і люлька паляцела ўніз, а праз мінуту c калодзіжа стаў узнімацца сіні дымок, як пара, с катла.
— Дзе ты, Сымонка? Сымон!
— Чаго, татка?
— Ды як зваўся прарок, катораго крумкачы кармілі мясам?
— Ілля! —
— Ну, вот! даўно-б так гаварыў!
— Вылазь, татачка! — сказаў павесялеўшы Сымонка.
— Вылазь, Арцём! падурачыўся ды і будзе, — загулі і селяне.
— А вы мяне любіце? — сказаў Арцём.
— Дзіва, што любім, — атказалі мужчыны.
— Я вылезу; але калі вы мяне запраўды любіце, то павінны згадзіцца на мае варункі. Дык слухайце: Грыпіна не павінна ні лаяцца, ні сварыцца. — Грыпіна! Чуеш ты там?
— Чую, чую! Ну, добра — ня буду! —
— Пабажыся!
— Даль-Бог, ня буду!
— Дык слухайце-ж далей: усе павінны разыйсьціся, каб ніхто ні бачыў, як я буду вылазіць. Згаджаецеся?
— Згаджаемся, згаджаемся! — Загаманілі мужыкі.
— Ну, то вылажу! —
Драбіны заварушыліся, зараз-жэ с калодзіжа паказалася кудлатая галава Арцёма.