Родныя зьявы (1914)/Дудар

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Думкі ў дарозе Дудар
Апавяданьне
Аўтар: Якуб Колас
1914 год
Зло — не заўсёды зло
Іншыя публікацыі гэтага твора: Дудар (Колас).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Дудар.


Тром родным братом Бог даў аднакі розум, аднакіе мысьлі і думкі. Толькі не аднакая доля спаткала кожнаго брата у жыцьці. Хоць усім братом ня вельмі соладка жылося, але Меншаму Брату выпала самая горшая доля. Прысудзіла яна яму самы горшы куток, кінула між мхоў і балот. Кепска жылося Меншаму Брату. Плакаў ён, і ніхто не бачыў яго сьлёз, ці не хацеў бачыць. Спеваў ён і песьні, доўгіе, нудные песьні, песьні нядолі. Гаварыў і казкі, і толькі ў казках ён бачыў сябе шчасьлівым. Яго сьлёзы капалі разам з расой на зямлю. Грэла сонцэ, і сьлёзы, змешаные з божай расой, падыймаліся к небу і аттуль кідаліся назад на зямлю чыстымі капелькамі. І так яны вечна кружацца з зямлі на неба, з неба на зямлю. І ніколі не высыхалі вочы Меншаго Брата. Таўсты высокі лес адзін толькі слухаў яго песьні і сам памагаў яму сьпеваць сваім доўгім шумам. Выходзіў Меншы Брат у вечэр на двор, браў сваю дудку, садзіўся на прызбі сваей хаты і граў. Месячык каціўся па небі, плылі белые хмаркі. Божые зоркі, як саромлівые дзеўчаткі, пазіралі на зямлю праз белые, тонкіе хмаркі і слухалі Меншаго Брата, як граў ён на дудцы. І ціха было на сэрцы, як ціха была сама ночка. І думкі, як тые хмаркі, лёгка радзіліся ў сэрцы і плылі яны Бог знае куды, далёка-далёка, уміралі ціха-ціха, як паволі раставалі і белые хмаркі ў небі. Толькі пугач і сава злым крыкам сваім будзілі ад шчасьлівых думак Меншаго Брата. Ён прачыхаўся, як ад сну, і думкі другіе, думкі нядолі, як нажом, калолі яму ў сэрцэ.

Ні думак, ні песень яго ніхто не знаў і ня чуў, ці не хацеў знаць і чуць. Яго жальба прападала, як прападаў туман з усходам сонца, што вісеў над балотам. Разбіраў яго адзін толькі лес, і лесу аткрываў Меншы Брат свае думкі, бо людзі сьмеяліся з яго слоў і песень. А з лесам жылося вальней: лес не давіў яго, не гнаў, як гналі і давілі яго людзі. І Меншы Брат зрабіўся ціхі, спакойны, асьцярожны і нікому не аткрываў сваей душы. Меншы Брат адзічэў. Лес і балоты адгарадзілі ад Божаго сьвету.

Прайшло многа часу.

Усе тры браты сустрэліся. Старшы Брат пазіраў сьмела. Ён быў у ботах, у крамных портках і кашулі, а паверх кашулі — камізэлька. Гаварыў Старшы Брат скора, мова яго была адменна, і Меншы Брат ледзьве мог разбіраць яго.

На Срэднім Браце была высокая шапка, шырокіе белые порткі, боты. У зубах круглая люлька на кароткім цыбуку; гаварыў ён мала.

Меншы Брат выглядаў старэйшым за іх абодвых. Барада яго была сівая, рукі дрыжалі. Сам ён быў тонкі, худы. Яму як бы брыдка было перэд братамі, што на ім сівая рваная сьвітка, круглая шапка-кучомка; на нагах лапці, а каравые анучы абвівалі худые ногі.

Гаварылі браты аб усім: а горкай сваей долі, а праўдзі, а жыцьцю.

Меншы Брат маўчаў. Яму не давалі гаварыць тэй мовай, каторай гаварыў ён сам с сабой, с сваімі думкамі, з лесам. З яго мовы сьмеяліся старшые браты.

— Гавары ты так, як гавару я, — кажэ Старшы Брат, — і не страхай ты мову людзкую. Твая мова — нямая мова. Што сказаў ты сьвету на сваей мове? Дзе песьні твае? Хто чытаў твае думкі, работу твайго розуму і сэрца? Дзе песьняры твае? Чым ты пахвалішся?

— Лепшай мовы я ня чуў. Гавару, як знаю. Брат! хто доўга маўчаў, таму хочэцца многа гаварыць. А я маўчаў ўсё жыцьцё, і мне хочэцца гаварыць: не адбірай ты ад мяне хоць гэтаго права. Спытайся ў хваёвых крыжоў. Яны табе скажуць пра мае думкі. Мае думкі напісаны сьлязьмі, а сьлёзы разам з думкамі разліліся ў рэчцы. Вецер — песьняр мой. Горэ і боль радзілі мае песьні, і слухаў іх лес. Спытайся у леса — ён скажэ пра песьні мае.

Скажу табе казку. Пасадзіў пан дудара у глыбокім склепі за каменные сьцены. Кажэ яму пан: „Грай мне на дудцы, каб я чуў твае песьні, і тагды я пазволю табе сьпеваць людзям песьні, дарую права расказаць сьвету пра думкі твае“.

Праз каменные сьцены ня выбілася песьня дудара, і ніхто яго не пачуў. — „Ты павінен маўчаць! — кажэ пан дудару, — бо песьня твая нічога не сказала майму сэрцу. Нехай астаюцца ў табе твае думкі і песьні“. І дудара с таго часу слухала пустое поле, балота і лес.

Брат! усе мы шукалі шчасьця, толькі йшлі мы не аднакімі дарогамі. Табе хоць трохі сьвяціла сонцэ, а я йшоў, як у ночы. Запалім-жэ мы лучыны і пойдзем ешчэ шукаць долі, будзем памагаць адзін аднаму, а як заблудзіць хто з нас, падамо яму голас. Ня сьмейцеся-ж, браты, і не адбірайце ў мяне таго, што можэ адабраць толькі Бог!

І сьлёзы блішчэлі на вачах Меншаго Брата.