Роднае

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Роднае
Верш
Аўтар: Юрка Лявонны
1927

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




На парозе да жыцьця
Востры адчуваньні,
Шолах нізкага трысьця,
Залатое раньне…
У сярэбранай цішы
Расплыліся зданьні.
Сэрца, сэрца! Калышы
Зжытае каханьне…
Ой, празрыста, быццам шкло,
На палях, пад жытам…
Мала часу працякло,
Многа перажыта!
Паразьбегліся гады —
Іх мне не стрымаці!
А жыве юнацкі ўздым
На зялёнай гаці…
На дубох — узоры лісьця.
І далёка гай,
Дзе сказала ты калісьці:
«Пачакай!..»
Памятаю — ці ўва сьне?
(Думкі не застылі) —
Церусіўся зь вішань сьнег,
І гарэлі жылы…
«У сярэбранай цішы
Гэтак лёгкі здані…
Ты мяне закалышы
Чарамі каханьня».
. . . . . . . .
Я ня помню і ня знаю —
Ці было, ці не…
Толькі вецьце таго гаю
Шэпча аба мне!..