Па-над борам густым, дзень падняў ліхтары —
Разганяе хмурын валаконцы;
Птушкі так мілагучна пяюць У бары,
Аж зьвіняць, аж гудуць дзічары-гушчары,
Аж замёрла гальлё на сасонцы —
Белы лунь уцякае з узвышша гары
Пракладае дарогу для сонца.
∗ ∗ ∗
Серабрыцца раса на лугу ля ракі
Кветкі стройна стаяць — варажліва,
Зараз прыйдуць з касамі касцы-дзяцюкі,
Паплавы касіць стануць рупліва…
Пойдуць песьні гусьці, пад замахі рукі —
Краскі ў сене заснуць маўчаліва.
∗ ∗ ∗
Сярод зелені ніў ляжыць шэры папар,
Цаліну там ўздымае араты;
Яго сэрца спавіта красой дзіўных чар;
Ён п‘яны цяжкай працай, як песьняй дудар,
І надзеяй магутна-багатай, —
Што на сьвеце працоўны люд будзе ўладар;
Што настане дзень гэтага сьвята!