Рака срэдзь вулкі! Як мана…
Перайсці да навігацыі
Перайсці да пошуку
*** Рака срэдзь вулкі! Як мана… Верш Аўтар: Поль Вэрлен 1911—1912 Пераклад: Максім Багдановіч Крыніца: Багдановіч М. Поўны збор твораў у 3 тамах. Т. 1. — Мн.: Навука і тэхніка, 1991. Ст. 184 |
Рака срэдзь вулкі! Як мана
За мурам футаў з пяць, яна
Нязвычайнай явай уставае
І ціхай, цёмнаю сваёй,
Хоць і нямутнаю, вадой
Ля краю места працякае.
3 бакоў ідзе шырокі пуць
І не дае, каб што-нібудзь,
Апроч туману, адбівала
Смяротна-жоўтая вада,
Хаця б ад золку чарада
Катэджаў чорна-жоўтых ззяла.
<1911—1912>