Перайсці да зместу

Ракавыя жаронцы (1930)/Прадмова

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Прадмова
Зборнік нарысаў
Аўтар: Міхась Зарэцкі
1930 год
Лісты ад знаёмага

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПРАДМОВА

«Лісты ад знаёмага», а таксама і фрагмэнты «Вясна 1930 году» зьяўляюцца цікавым матэрыялам для характарыстыкі асобных рыс тых сапраўды вялізарных, маючых сусьветна-гістарычнае значэньне, зрухаў, якія адбываліся ўвясну 1930 г. і якія зараз адбываюцца ў розных складаных формах. Гэтыя нарысы цікавы яшчэ і тым, што яны паказваюць чытачу як у сьвядомасьці пэўнай групы пісьменьнікаў праламляецца рэальны поступ соцыялізму, ператварэньне дробна-таварнага поўпатрыярхальнага селяніна ў сьвядомага актыўнага працаўніка соцыялістычнай гаспадаркі. Нарэшце, гэтыя нарысы цікавы яшчэ і тым, што яны ў некаторай меры выяўляюць позыцыю аўтара, якую ён пачынае займаць зараз, у адносінах да соцыялістычнага будаўніцтва. Разам з гэтым нарысы паказваюць адносіны аўтара да сваёй ранейшай махрова-кулацкай, нацыянал-дэмократычнай творчасьці.

Як у «Лістох ад знаёмага», так і ў фрагмэнтах «Вясна 1930 году» аўтар спрабуе праз вобразы, праз спляценьне гэтых вобразаў адлюстраваць процэсы, якія адбываліся ўзімку і ўвясну 29—20 г. Аднак трэба адзначыць, што і ў «Лістох ад знаёмага» і ў фрагмэнтах аўтар ня здолеў прасякнуць, адчуць усю глыбыню, усю складанасьць тых рэальных процэсаў. Аўтар нарысаў концэнтруе сваю ўвагу на асобных зьявах, якія ня гледзячы на іх агульнасьць ня могуць больш-менш поўна адлюстраваць цалкам сапраўднасьць. Асобныя зьявы, эпоэтызаваныя сакавітасьцю слоў, плястычным словазлучэньнем і гуказлучэньнем ня толькі не даюць сапраўднага малюнку, а нават незаўсёды пераконваюць у праўдзівасьці асобных зьяў.

Як і ранейшая папярэдняя творчасьць Зарэцкага характарызуецца романтызацыяй, па вярхоўнай зарысоўкай, даходзячай да глянцоўкі рэчаіснасьці, так і фрагмэнты зьяўляюцца па сутнасьці слабаю ценьню магутнай бальшавіцкай вясны 1930 г.

Як для папярэдняй творчасьці Зарэцкага характарны рэзкі пераход ад глянцоўнай рэчаіснасьці да капаньня ў псыхіцы асобнага героя, фэтышызацыі «нешта ўнутранага» эротызацыі прыроды чалавека, так і ў гэтых сваіх нарысах Зарэцкі застаецца сам сабою, ідзе тым самым сваім ранейшым шляхам, пераносіць свой эротызм з чалавечае асобы на прыроду, зямлю, замяняе адносіны паміж людзьмі, адносінамі людзей да прыроды.

Зарэцкаму незразумелы застаўся ў яго лістох і ў фрагмэнтах той героізм, якім прасякнуты працоўныя масы ў сваёй штодзеннай рабоце па соцыялістычнай рэконструкцыі ўмоў свайго жыцьця і саміх сябе. Незразумелай засталася для яго і тая новая якасьць людзей, якія актыўна рэконструююць сваё быцьцё і саміх сябе. І гэта натуральна, бо «Знаёмы» Зарэцкага зьяўляецца ад пачатку да канца ў сваіх лістох, які Зарэцкі ў фрагмэнтах тыповым, дробнабуржуазным інтэлігентам романтыкам з усімі ўласьцівымі яму якасьцямі. Застаючыся ўнутрана чужым тым масам, якія робяць гісторыю ў сваёй штодзеннай практыцы, якія будзеншчыну напаўняюць урачыстым зьместам, романтыку Зарэцкаму «нудна», у сплёце будзеншчыны ён шукае «нешта», што-б вывела яго з гэтага «сплёту будзеншчыны», што-б дало яму радасьць, захапленьне, бо ён ня можа знайсьці гэтай радасьці, захапленьня, урачыстасьці ў формах будзеншчыны. Дробны буржуа знаходзіць асалоду «седзячы ў бруднай, у цьмянай местачковай начлежцы», якая не нагадвае яму штодзеннай будзеншчыны, якую ён наглядае, і вось седзячы там «Знаёмы» піша ў сваім першым лісьце: «Каб ты ведаў, як мне радасна тут! Ты, мабыць, сьмяешся? Мабыць дзіўна табе — бруд, змрок, голыя тапчаны... А мне радасна вось чаму: у гэтым катушку я адчуў самога сябе, адлучыў ад абыдзённага, нуднага сплёту будзеншчыны і, як кажуць юрысты, вярнуўся да першабытнага стану». Нашага дробнабуржуазнага інтэлігента, романтыка захапляе яшчэ бурлівае жыцьцё, «прыгожыя пэрспэктывы», якія разгортваюцца гэтым бурлівым жыцьцём, але ж гэтае бурлівае жыцьцё застаецца для яго пакуль «тошчай абстракцыяй», як абстракцыя, для яго застаюцца і «прыгожыя пэрспэктывы». Романтык захапляецца яшчэ і рабочым-вылучэнцам, які з першага погляду... нагадаў Абшарскага з твору Зарэцкага «Кветка пажоўклая». Але Абшарскія яго больш ня цікавяць. Ён шукае ўжо больш «мацнейшую» асобу і такой «мацнейшай» асобай зьяўляецца рабочы-вылучэнец.

Захапляючыся жыцьцём, героямі жыцьця, «голымі тапчанамі» і г. д., Зарэцкі застаецца ў баку ад гэтага бурлівага жыцьця, староньнім наглядальнікам яго, як і героі яго нарысаў. Малюючы вобразы паасобных падзей і вобразы псыхолёгічныя — вобразы паасобных людзей, Зарэцкі не дае іх у органічнай сувязі з агромністай, сапраўды вялізарна-гістарычнай важнасьці падзеямі і клясавай практыкай.

Клясавае змаганьне, што адбываецца ў вёсцы, якое з процэсам колектывізацыі набыло яшчэ больш вострыя і складаныя формы, засталася незразумелым яму. Клясавае змаганьне па Зарэцкаму не зьяўляецца ўнутрана ўласьцівым процэсу соцыялістычнай рэконструкцыі, а нечым вонкавым, староньнім.

Ня гледзячы на тое, што «Знаёмы» ў сваіх лістох і піша, што «ў клясавым змаганьні ўсё пастаўлена на кон. Кулакі чуюць сваю астатнюю хвіліну і напружваюць усе свае сілы, каб затрымацца і ўжываюць усе магчымыя спосабы, каб падтачыць, зрушыць тую вялічэзную камлыгу, што насоўваецца на іх, што вось-вось гатова раструшчыць іх, пахаваць пад сваёй грознай веліччу», што клясавы вораг ужывае ўсе магчымыя сродкі для барацьбы супроць таго новага, што ідзе, — Зарэцкі дае поўнасочныя вобразы гэтага змаганьня.

Ня можна абыйсьці той двухсэнсоўнай аналёгіі, якую ўжывае «Знаёмы» ў другім сваім лісьце, Гаворачы пра «магутны экономічны і соцыяльны зрух, які цяперашнім часам мы перажываем», што гэты магутны зрух «справаджаецца шырокім абурэньнем мас супроць рэлігіі, «Знаёмаму» ўсплыла на думку як некалі, яшчэ за паганскімі часамі, нашы прабацькі, уведзеныя ў злосьць няўважлівасьцю багоў, лупцавалі сьвятыя іхнія статуі — і ў гэтым выяўлялі сваю чалавечую сілу і актыўнасьць». Гэтае параўнаньне вялікага процэсу соцыялістычнай рэконструкцыі і паганскіх часоў сьведчыць аб ня ясным і няправільным разуменьні сутнасьці і прычын тых зрухаў, пра якія гаворыцца. І ніякай спасылкі аўтара лістоў на тое, што «біцьцё багоў» — частка кожнае рэволюцыі», ня могуць паправіць гэтага параўнаньня двухсэнсоўнага значэньня.

Процэс соцыялістычнай рэконструкцыі вёскі саправаджаецца процэсам пераробкі саміх носьбітаў тых экономічных форм, якія рэконструююцца. Падвойная псыхіка дробнага ўласьніка і працоўнага селяніна ў процэсе колектывізацыі дасягае найвышэйшага пункту свайго раздваеньня. Соцыяльны процэс, які перабудоўвае экономічныя формы існаваньня дробнага ўласьніка, перабудоўвае і яго псыхіку. Гэты процэс праходзіць не без цяжкасьцяй, не бяз мучэньня. І гэты бок удала, добра, досыць яскрава-вобразна паказаны Зарэцкім. Але як гэта індывідуалістычная псыхіка перарабляецца, як яна губляе індывідуалістычны характар, якім шляхам яна перабудоўваецца, гэты другі момант адзінага процэсу Зарэцкім не паказаны. І гэта зусім не таму, што соцыяльная практыка не дае матэрыялу, наадварот, той матэрыял, якім карыстаецца аўтар «фрагмэнтаў», дае шырокую мажлівасьць, багаты матэрыял для паказу процэсу якасных зьмен псыхікі дробнага ўласьніка. Прычыны гэтага буйнага недахопу — у няправільным разуменьні Зарэцкага суадносін «свайго» і «чужога». «Знаёмы» Зарэцкага ў адным са сваіх лістоў піша: «нам досыць убачыць якую-небудзь чэзлую шаўлюжку, досыць удыхнуць салодкі пах конскага поту, досыць пачуць далёкае надвячоркам рыканьне каровы, і ў нас сьціскаецца сэрца няведамым жалем, у ружовым сьвятле ўсплываюць шчымлівыя ўспаміны»... А далей афарызм «народнай мудрасьці»: «Любіце чужое, але і свайго ня чурайцеся». Гэта гавораць уласныя пачуцьці, падсьвядомае ўнутранае, «Знаёмага». Але што гавораць розум, развага, якія прышлі ў рэзкую супярэчнасьць з пачуцьцямі, наглядаючы незразумелыя яму процэсы.

«Няпраўда!.. Мана!.. Чурайцеся!.. Чурайцеся, калі хочаце жыць, калі хочаце ісьці наперад». Гэты гістэрычны крык сьведчыць, што аўтар лістоў не разумее суадносін паміж «сваім» і «чужым», не разумее процэсу трансфармацыі свайго і чужога ў «нашае», агульнае, колектыўнае. Таму гістэрычная парада чурацца свайго, рэзкі пераход ад інтымнага, эмоцыянальнага замілаваньня да «свайго», да надрыўнага крыку «чурайцеся», лішні раз выяўляе дробнабуржуазную сутнасьць аўтара лістоў, выяўляе яго неразуменьне сэнсу вялічэзнай важнасьці процэсу соцыялістычнай рэконструкцыі дробнага вытворца.

На падставе разгледжаных момантаў можна ахарактарызаваць адносіны Зарэцкага да соцыялістычнага будаўніцтва. Зарэцкі ў частцы сваёй папярэдняй творчасьці («Крывічы», «Падарожжа на новую зямлю») актыўна змагаўся супроць соцыялістычнага будаўніцтва, стоячы на позыцыях контррэволюцыйнага беларускага нацыянал-дэмократызму.

«Лісты» і «Фрагмэнты» сьведчаць аб тым, што Зарэцкі пад руйнуючым агнём комуністычнай крытыкі здае свае ранейшыя позыцыі. Пад жорсткімі ўдарамі партыі Зарэцкі разьбіты, як варожы пролетарыяту пісьменьнік, спрабуе ўжо, зьмяніўшы напрамак шляху, адлюстраваць сусьветна-гістарычнага значэньня процэсы соцыялістычнай пераробкі дробнай вытворчасьці. Але не пазбавіўшыся яшчэ сваёй дробнабуржуазнай ідэолёгіі, — Зарэцкі ня здолеў як мае быць зразумець усю глыбіню і складанасьць гэтых процэсаў. А з гэтай прычыны ён ня можа ў сваіх творах органічна злучыцца з актыўнымі будаўнікамі соцыялістычнага грамадзтва, актыўна дапамагаць соцыялістычнаму будаўніцтву.

«Лісты» і «фрагмэнты» ня ёсьць позыцыя актыўнага ўдзельніка процэсу зьмены сьвету, гэта позыцыя староньняга наглядальніка, пасыўнага сузіраньня. Але-ж і на гэтай позыцыі Зарэцкі не заўсёды стаіць цьвёрда. У тых-жа «лістох» Зарэцкі час ад часу зьменьвае позыцыю староньняга наглядальніка, на позыцыю абывацельскага крытыка, каб перакінуць мосьцік да сваёй ранейшай творчасьці.

Гэта асабліва выяўляецца ў адносінах Зарэцкага да сваёй папярэдняй буржуазна-рэстаўратарскай творчасьці і да тэй комуністычнай крытыкі, якая выкрыла контррэволюцыйны антысавецкі характар такіх твораў, як «Крывічы», «Падарожжа на новую зямлю» і якая нанесла зьніштажаючы ўдар Зарэцкаму, як пісьменьніку клясавых ворагаў пролетарыяту. Але-ж раней, чымся прыступіць да разгляду гэтых адносін, зьвернем увагу чытача на тое, што найбольш варожы пролетарыяту твор Зарэцкага (Крывічы) з большай эмоцыянальнай насычанасьцю, чымся нарысы і фрагмэнты. Што-ж датычыцца яго лістоў і фрагмэнтаў, дык у іх больш за ўсё і не хапае эмоцыянальнасьці сапраўднага, шчырага і глыбокага адчуваньня ўсяго патасу, урачыстасьці, усіх супярэчнасьцяй процэсу соцыялістычнай рэконструкцыі. У лістох ды фрагмэнтах ёсьць толькі напышчанае разважаньне, тэхніка, музычнае гуказлучэньне, конструкцыя вобразаў бяз крыві і плоці таго процэсу, які аўтар робіць спробу паказаць.

Вернемся да таго, як Зарэцкі адносіцца да сваёй ранейшай творчасьці і да комуністычнай крытыкі яе.

Ранейшая творчасьць Зарэцкага была зусім правільна ахарактарызавана ў свой час у артыкуле т. Будзінскага «Вораг у доме» («Полымя» № 11—12 за 29 г.) наступным чынам: « Зарэцкі... ад папутніцтва, ад лёяльнасьці ў адносінах да пролетарскай рэволюцыі, адышоў на позыцыі буржуазнай рэстаўрацыі». Так характарызавала комуністычная крытыка творчасьць Зарэцкага. А вось як Зарэцкі ацэньвае сваю ранейшую творчасьць. Знаёмы ў трэцім лісьце піша: «Жывучы ў Менску і назіраючы жыцьцё скрозь балонкі газэт, ніякім чынам не ўявіш у жывой форме волотаўскага поступу нашых дзён. Па-праўдзе, ці не здавалася табе часам гэтае клясавае змаганьне на вёсцы, пра якое так многа, так настойліва пішуць нашы газэты, нейкай адмысловай схэмай, матэматычнай формулай, сухім сылёгізмам? Прабачай мяне, але я скажу проста: ты не зразумеў гэтага змаганьня, бо ня бачыў яго твар у твар і таму абмінуў яго ў сваіх апошніх творах, за што цябе і ўшчувала наша грамадзкасьць». Пры гэтым «Знаёмы» спасылаецца на «Падарожжа на новую зямлю».

Што характарнага ў пададзеным разважаньні? Перш за ўсё перакручанае тлумачэньне прычыны, за якую біла Зарэцкага савецкая грамадзкасьць. Другое, што кідаецца ў вочы, чытаючы гэтую вытрымку, дык тэта няправільная ацэнка характару кніжкі «Падарожжа на новую зямлю».

Савецкая грамадзкасьць біла Зарэцкага не за тое, што ён не зразумеў клясавага змаганьня, а за тое, што ён сваёю творчасьцю актыўна, змагаўся супроць пролетарыяту, супроць соцыялістычнага будаўніцтва, што ён сваёю творчасьцю махрова-кулацкай, нацыянал-дэмократычнай атручваў сьвядомасьць працоўных мас, што яго, творчасьць зьяўляецца зброяй у клясавым змаганьні ў руках нашых клясавых ворагаў. Вось за што біла комуністычная крытыка Зарэцкага.

Зусім няправільна кажа Зарэцкі, што ён абмінуў клясавае змаганьне ў сваіх творах, у прыватнасьці ў «Падарожжы на новую зямлю». Гэты твор, як і другія яго творы «Крывічы», «Голы зьвер», «Ой ляцелі гусі» ды інш. насычаны буржуазна-кулацкай ідэолёгіяй і па сваёй мэтанакіраванасьці антыпролетарскія, якія па сваім генэзысе зьяўляюцца вынікам клясавага змаганьня, і зброяй у руках клясавага ворага ў яго змаганьні супроць пролетарыяту.

Нацыянал-дэмократычную, кулацкую мэтанакіраванасьць сваёй творчасьці апошняга пэрыоду, Зарэцкі прагне характарызаваць, як «памылкі», «ухілы», «неразуменьне» і г. д. Крытыку-ж яго нацыянал-дэмократычнай, кулацкай творчасьці ён абвінавачвае ў тым, што яна перашкаджала яму «ўсьвядоміць свае памылкі», Вось што піша на гэты конт «Знаёмы» ў сёмым лісьце: «Я добра разумею, што ў тых матэрыялах, якія за апошнія часы зьмяшчаліся пра цябе на старонках нашае прэсы, ты знаходзіў многа перавялічанага, згушчанага, узьведзенага ў некаторую матэматычную ступень — і гэта, мабыць, перашкаджала табе ўсьвядоміць свае памылкі».

Гэткі погляд Зарэцкага на характар сваёй ранейшай творчасьці і яго адносіны да крытыкі, заўсёды ў яе бок, паказваюць нам, што Зарэцкі, пішучы гэтыя нарысы, ня зусім яшчэ асудзіў сваю нацыянал-дэмократычную, кулацкую творчасьць, ня поўнасьцю паказаў яе сапраўдную існасьць (хоць і меў поўную на гэта мажлівасьць), а наадварот, часткова затушоўвае сапраўдную сутнасьць яе, прагне яе часткова апраўдаць. А гэта ўсё паказвае, што Зарэцкі не рашуча, не пасьлядоўна, з аглядкаю назад, хістаючыся з боку ў бок, кульгаючы, робіць дзяцінскія крокі на шлях савецкага пісьменьніка, нясучы пры гэтым і на сябе, і ўнутры сябе свой ранейшы дробнабуржуазны груз.

Гэта ўсё трэба мець на ўвазе, каб зразумець і правільна ацаніць новую творчасьць М. Зарэцкага.

Наша багатая, шматгранная, насычаная найглыбейшымі эмоцыямі будаўнікоў соцыялізму — рэчаіснасьць дае для творчасьці савецкіх пісьменьнікаў такі матэрыял, такія ўмовы творчай працы, пра якія і ня сьнілі найвялікшыя пісьменьнікі гісторыі.

Гэтая рэчаіснасьць, будзем спадзявацца дасьць запал і матэрыял для далейшай творчасьці М. Зарэцкага і яго суб’ектыўныя імкненьні, што вылучаюцца ў гэтай кніжцы, набудуць об’ектыўную рэальнасьць,

Л. Бэндэ.